BE RU EN

І ўсё ж ён быў цёмны, той правінцыйны маньяк...

  • Уладзімір Халіп
  • 12.05.2008, 18:07

Адметны месяц травень. Што ні дзень – якое-небудзь свята. Або дата, вартая ўвагі. І не дзіўна, што ў гэтым тлуме амаль згубіўся дзень, які забыць нельга. Не шмат яшчэ мінула часу і не надта змяніўся да лепшага свет, каб развітацца з той памяццю назаўсёды.

Тады ўспыхнулі кастры з кніг. У цывілізаванай краіне. У Нямеччыне, якая дала свету Гётэ і Шылера, іх суайчыннікі паляць кнігі! А яны палілі. Весела. Заўзята. Кнігі ляцелі ў агонь. Гарэлі. Ператвараліся ў попел. У пыл. І што з таго? Жахнуўся сёй-той. Пакрычалі інтэлектуалы. А потым пачалі спрачацца паміж сабой, што не кожная кніга – духоўны здабытак.

Але ўсё тое, што адбылося потым у краіне і на бязмежнай прасторы вакол яе, прымусіла шмат каго не аднойчы ўспомніць той травеньскі дзень. Спатрэбіліся дванаццаць доўгіх гадоў, каб пагасіць той агонь. І мільёны чалавечых жыццяў. Нават падлічыць немагчыма, колькі іх сышло ў нябыт. Аднак тады халодны разлік і звычайны цынізм не дазволілі усвядоміць, які жах абяцаюць тыя кастры. Нават правядзенню там Алімпійскіх гульняў вогнішчы не перашкодзілі. Па вялікім рахунку нічога ж надзвычайнага не адбывалася. Гарэла папера. І нейкія людзі выконвалі нейкі загад. Чаго хвалявацца?

Калі ў сорак пятым пераможцы ў двары захопленай Рэйхсканцылярыі знайшлі яму, а ў ёй абгарэлае цела галоўнага ворага, яны былі ўражаны. Гэта нікчымнасць і ёсць тая пачвара, што ледзь не перакуліла ўвесь свет?.. А чаго здзіўляцца? Ён не першым быў і не апошнім. Усе яны, гітлеры, пол поты, піначэты, чаушэскі, аднолькава ўбогія на лаве падсудных або на заднім двары каля прыбіральні.

У васьмідзесятыя гады Алесь Адамовіч і Элем Клімаў доўга прабівалі праз партыйную цэнзуру фільм аб той мінулай вайне. Стужка выйшла пад назвай “Ідзі і глядзі”. Словы гэтыя рэжысэр узяў з Бібліі. Але сцэнар таго фільма меў куды больш выразную назву – “Забіць Гітлера”. У той жудаснай стужцы падлетак, трапіўшы ў блакаду і пабачыўшы такое, што не толькі ў супольнасці людзей, але нават у звярынай зграі выглядала б дзікунствам, шукаў пакутліва выйсце з гэтай катастрофы. І настойліва думаў пра тое, ці не варта было б забіць Гітлера яшчэ ў калысцы.

Шмат гадоў прайшло з таго часу. І цяжка сказаць, ці знайшлі б цяпер спачуванне тыя развагі блакаднага падлетка. Іншы свет. І досвед іншы. Краіна шыкоўна адзначыла Дзень Перамогі. Часам узнікалі нават сумненні, а ці не пераблыталі дзень гэты з маёўкай. Раённыя адміністрацыі працавалі ўпарта з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і школ, патрабуючы любой цаной забяспечыць масавасць шэсця. І кіраўнікі тыя не падвялі. Шэсце атрымалася пярэстым і шматлюдным. Грымела музыка. Мора каляровых балонікаў трапятала над натоўпам. П’яных не чапала міліцыя. Таньчылі нейкія цёткі ў стракатых, нібыта народных строях. Да плошчы Перамогі ішлі ветэраны вайны з фашызмам. Побач з чалавекам, які яшчэ на пачатку сваёй кар’еры абвесціў пра тое, “что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента”. Суседзі тады здрыгануліся ад такога прызнання. А тут, дзе змаганне з “нямецкім парадкам” каштавала жыцця чвэрці ўсяго насельніцтва краіны, усё сышло ў пясок.

Што там нейкія дробязі! Затое якая радасць прайсці па святочнай вуліцы і пераканацца на свае вочы, што ўвесь горад, а можа, і ўся краіна крочаць у адной калоне. І не толькі ветэраны, але ўжо і шмат хто іншы, пабачыўшы такое адзінства кіраўніцтва і народа, пачне сумнявацца, а ці не зласліўцамі прыдумана тая няўклюдная цытатка пра тое, што “не всё толькое плохое связано в Германии с известным Адольфом Гитлером”.

І ўсё ж ён быў цёмны, той правінцыйны маньяк, які калісьці ў Берліне прыйшоў да ўлады. Навошта было на вуліцах паліць кастры з кніг? Хто чытаў Томаса Мана і Бертольта Брэхта, няйначай чытаў іх і потым. Вялікай карысці акцыя не прынесла. А вось шкоду нанесла вялікую. Самому падпальшчыку. Толькі дурні паляць крамольныя кнігі. Не трэба ніякіх кастроў. Можна проста ўзяць і ліквідаваць адным махам у бібліятэках амерыканскі куток. І знікнуць кнігі патэнцыйнага ворага.

Мы – беларусы, мірныя людзі. Нам спецэфектаў не трэба. Куля ў патыліцу? А навошта? Непажаданы палітык можа проста выйсці аднойчы на вуліцу і не вярнуцца дадому. Дваццаць пяць гадоў у ГУЛАГу? Дзеля чаго? Можна даць усяго некалькі, але стварыць асуджанаму такія ўмовы, каб нават пекла здалося раем. І нават не на гады – на два тыдні. У старадарожскую камеру памерам два з паловай на два. Разм з п’янтосамі і бамжамі. Абы зняважыць. Зламаць. Растаптаць гонар і годнасць. І ніякага следу. З гэтым на Нюрнбернгскі працэс не пацягнуць.

Дзень Перамогі на цэлыя суткі апярэдзіў дзень кастроў. Але размінуўся з ім на дванаццаць гадоў. Пакуль пераможцы дайшлі да варонкі ў двары Рэйхсканцылярыі, зніклі мільёны людзей. А гэтага сапраўды магло не быць. Той, хто ляжаў на дне ямы, паслаў чалавецтву выразны сігнал. У дзень спаленых кніг. У тых вогнішчах ужо гарэла Еўропа.

Але гэтага не заўважылі.

последние новости