Подобед считает сторонников независимости «мразью»
- 30.03.2008, 16:07
Об избиении и арестах молодежи 25 марта рассказала “Радыё Свабода” активистка “Маладога Фронта”, участница акции в 90-летие объявления независимости Белорусской Народной Республики Алена Макаревич.
-- Алена, паведамляецца, што вас двойчы зьбівалі. Раскажыце пра гэты інцыдэнт.
-- Мяне зьбівалі падчас прабіваньня кардону. Мы са Зьмітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам спрабавалі ўсё ж такі перасячы трамвайныя каляіны каля "Вячэрняга Менску", але нам гэтага не ўдалося, таму што нас пачалі зьбіваць вельмі моцна, Дашкевічу расьсеклі твар, Фінькевічу – вока. Мяне амапаўцы білі па целе, па нагах, таму ў мяне на твары няма ніякіх відавочных сьлядоў, што мяне зьбівалі...
Я магу сказаць адно: калі мы стаялі, быў загад ад кіраўніка менскага АМАПа Падабеда, ён побач стаяў: "Бярыце вось гэтых "мразей", маючы на ўвазе нас траіх. І нас забралі. Мы яго бачылі, ён менавіта нам у твар, пальцам тыкаючы, гэта сказаў. Мы зразумелі, што ў яго сьпіс нейкі ёсьць, каго затрымліваць, каго не затрымліваць. Паводле прысудаў, якія атрымалі нашыя хлопцы (па 15 сутак арышту) мы зразумелі, што ў іх быў сьпіс, таму што астатнім, больш-менш невядомым людзям давалі штрафы.
-- Вас аштрафавалі?
-- Я лічуся непаўналетняй, на мяне завялі пратакол, і а палове на першую мяне ўжо адпусьцілі.
-- Алена, у вас такі бадзёры голас... Нейкая энэргетыка засталася ў вас ад гэтай акцыі?
-- Не засталося, шчыра кажу. Мы проста такога не чакалі. Мы абмяркоўвалі гэтую акцыю, і Артур Фінькевіч сказаў, што такога з 2004 году ня памятае наагул... Мы спадзяваліся на нейкую лібэралізацыю, і гэта было так нечакана, што ніякіх уражаньняў проста не засталося... Толькі нейкі шок.
-- А калі і як вы пайшлі на акцыю пратэсту?
-- На выбары ў 2006 годзе, потым я прыйшла ў "Малады фронт", і да сёньняшняга часу мы змагаемся...
-- Алена, а калі вам споўніцца 18 гадоў? Тады вас і пасадзіць змогуць...
-- Ну так, але што рабіць...
-- Гэта будзе ўжо пасьля галоўных палітычных падзей, ці можа супасьці?
-- Гэта будзе ўлетку.
-- Калі вы выходзіце на акцыю, вы натуральна хочаце нейкіх перамен. Вось што б вы хацелі зьмяніць, што вам канкрэтна не падабаецца ў цяперашняй сытуацыі?
-- У мяне столькі абурэньня на ўсё: і на наш народ, што ён такі безгаловы, шчыра вам скажу, на ўладу – бязбожнікі, разумееце, што тут можна сказаць... Калі ён кажа пра нейкія перамовы з Эўропай, а потым такое робіць... Мне хацелася б, каб кожны чалавек у сэрцы ўсьвядоміў сябе беларусам, і толькі тады прачнецца прабуджэньне народа.
-- Як у школе ставяцца да вашай дзейнасьці настаўнікі?
-- Учора дырэктар паабяцаў мяне выгнаць са школы. Гэта ўжо я ня ведаю які раз. Мне сказалі, што ўсё, забірай дакумэнты і ідзі куды хочаш. Маўляў, мяне не дапускаюць да іспытаў. Ну, мы яшчэ будзем размаўляць, пакуль яшчэ вакацыі ідуць.
-- А аднаклясьнікі падтрымліваюць?
-- Ведаеце, яны мяне так усё падколваюць, а потым гляджу – адзін пайшоў на мітынг, другі, трэці, чацьвёрты – ходзяць...
-- А БРСМ у вашай школе актыўны?
-- У нас 99%, пачынаючы зь пятай клясы, усе ў БРСМ. У 11-й клясе ідуць амаль пад прымусам, бо баяцца не паступіць і г.д. Я сказала прынцыпова, што я ня буду туды ўступаць, і мяне туды не запісвалі.
-- Як бацькі рэагуюць на тое, што вы на мітынгу і вас могуць пасадзіць у аўтазак, зьбіць?
-- Бацька мой добра рэагуе, але маці пасьля лістоў КДБ да яе на працу, пасьля таго як яе зьніжаюць паводле пасады, яна ня вельмі добра на гэта рэагуе – яна просіць, каб мне споўнілася 18 год і каб адказнасьць зь яе зьнялі, каб не было ніякіх праблем.
-- Што б вы перадалі людзям, якія сёньня вас слухаюць?
-- Я пажадала б ім веры і надзеі, і каб яны не баяліся выходзіць, бо хто, калі ня мы? Каб не казалі, што вера засталася ў адной моладзі... Ад усяго сэрца жадаю надзеі і веры ў нашую лепшую будучыню.