У Зміцера Хведарука пагоршыўся зрок
- 17.12.2007, 14:56
Лідэр “Маладога фронту” Зміцер Хведарук будзе знаходзіцца ў 9-ым менскім шпіталі, як мінімумум, да серады 19 снежня.
У збітага АМАПам 12 снежня моладзевага актывіста пагоршыўся зрок. Лекары маюць намер зрабіць дадатковае даследванне. Раней паведамлялася, што Хведарук меў быць выпісаны са шпіталю сёння.
У хлопца па-ранейшаму баліць галава, яму цяжка самому хадзіць, а зараз яшчэ пачаліся праблемы з вачыма. “Прыходзілі раніцай лекары і рабілі кантрольную тамаграму. Мяне пакінулі ў шпіталі да серады. Я ўчора спрабаваў чытаць, але гэта немагчыма. Вочы баляць. Дактары забаранілі чытаць цягам трох тыдняў”, - паведаміў Зміцер Хведарук “Радыё Рацыя”.
Нагадаем, раней адміністрацыя шпіталя збіралася выпісаць Змітра 17 снежня. Побач са збітым маладафронтаўцам пастаянна знаходзяцца ягоныя сябры і родныя. У шпіталі яго наведалі многія апазіцыйныя палітыкі, а таксама замежныя дыпламаты.
Зміцер Хведарук быў моцна збіты спецназаўцамі падчас разгону несанкцыянавай вулічнай акцыі апазіцыі пад назваю “За незалежную Беларусь” у цэнтры Менска ўвечары 12 снежня. Са шматлікімі траўмамі ён быў змешчаны ў 9-ты шпіталь, дзе зараз і знаходзіцца.