BE RU EN

Лідэр «Маладога Фронта» Зьміцер Хведарук: «Я зваліўся на зямлю, а мяне працягвалі зьбіваць»

  • 14.12.2007, 8:39

Учора ўвечары Зьміцер Хведарук адчуваў сябе трошкі лепей. Тым ня менш па тэлефоне Зьміцер распавёў “Радыё Свабода” пра самаадчуванне і пра тое, як усё адбывалася.

“Дзякуй Богу, я сябе ўжо лепей адчуваю. Магу размаўляць спакойна, хоць баліць галава. Як толькі ўздымаюся, то галава ідзе кругам. Мяне возяць на каталцы. Але магло быць і горш. Пасьля некалькіх удараў па галаве, патыліцы, у сківіцу, у скронь я зваліўся на зямлю. Мяне яшчэ працягвалі зьбіваць супрацоўнікі АМОНу, некалькі чалавек. Дакладна не магу сказаць, колькі, бо было цёмна, а потым я страціў прытомнасьць і ачуўся ўжо ў шпіталі”.

Лідэр Маладога фронту выказаў меркаваньне, што ягонае зьбіцьцё зьвязанае з паездкай у ЗША і сустрэчай з прэзыдэнтам Бушам:

"Мяркую, што маё зьбіцьцё магло быць зьвязанае з паездкай у Амэрыку. Шмат што пра гэта сьведчыць. Мяне спэцыяльна высунулі за кардон АМАПу і там ўжо, менавіта па-за ім, адсунуўшы ад дэманстрантаў, зьбівалі, паваліўшы на зямлю. А потым кінулі назад са словамі: "Забірайце свайго, ён у Амэрыку добра зьездзіў".

Я ўдзячны сябрам са Злучаных Штатаў, якія ўсталі на маю абарону, якія асудзілі ўчорашнія дзеяньні рэжыму. Я быў не адзін пацярпелы, яшчэ аднаму хлопцу, таксама Зьміцеру, паламалі нагу, дзяўчыне Паліне зламалі палец, шмат хто з гузакамі прыйшоў са ўчорашняй акцыі. Мяне даставілі ў шпіталь, я толькі зараз пачаў размаўляць нармальна".

Нагадаем, праз некалькі гадзінаў пасьля разгону ў Менску акцыі ў абарону незалежнасьці дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з асуджэньнем брутальных дзеяньняў беларускіх уладаў, асобна было адзначана зьбіцьцё моладзевага актывіста Зьміцера Хведарука, які на мінулым тыдні ў складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі быў у ЗША.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт асудзіла дзеяньні беларускіх уладаў, яна выказала намер дамагацца сустрэчы са Зьміцерам Хведаруком, які зараз знаходзіцца ў шпіталі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі “За незалежную Беларусь!”, якая была прымеркавана да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

12 сьнежня пры разгоне дэманстрацыі пацярпелі некалькі чалавек. Апроч моладзі, дасталося і пэнсіянэрам. Мужчыну сталага ўзросту білі па нагах. Ён крычаў, што ён інвалід, але гэта не спыніла спэцназаўцаў, і ён таксама апынуўся на зямлі.

последние новости