Лаўроў завыў з-за выціскання расійскіх кампаній з Венесуэлы
- 5.02.2026, 14:38
Расіян выціскаюць пасля звяржэння Мадуры.
З Венесуэлы пачалі выціскаць расійскія кампаніі пасля звяржэння былога прэзідэнта краіны Нікаласа Мадуры, заявіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў.
«Прама цяпер, услед за падзеямі ў Венесуэле, робяцца адкрытыя спробы прыбраць нашы кампаніі з краіны», — сказаў міністр у інтэрв'ю RT. Ён не ўдакладніў, пра якія кампаніі ідзе гаворка, але даў зразумець, што гэта адбываецца з падачы Вашынгтона. Паводле яго слоў, нягледзячы на перамовы аб завяршэнні вайны ва Украіне, ЗША ўвялі санкцыі супраць «Лукойла» і «Раснафты», а таксама пагражаюць пошлінамі тым краінам, якія купляюць расійскія энерганосьбіты.
Да гэтага дзяржаўная кампанія «Росзарубежнефть», якая кіруе расійскімі актывамі ў Венесуэле, пасля змены ўлады ў рэспубліцы заявіла, што будзе працягваць выконваць узятыя на сябе абавязацельствы і мае намер развіваць прадпрыемствы разам з венесуэльскім бокам. У кампаніі падкрэслілі, што ўсе яе актывы ў Венесуэле з'яўляюцца ўласнасцю Расіі і былі набытыя на рыначных умовах «у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Баліварыянскай Рэспублікі». «Росзарубежнефть» удзельнічае ў сумесных праектах з венесуэльскай дзяржаўнай нафтагазавай кампаніяй Petroleos de Venezuela S.A. (PDVSA).
Вясной 2025 года Расія і Венесуэла падпісалі дамову аб стратэгічным партнёрстве. У рэспубліцы дзейнічала пяць сумесных з Расіяй прадпрыемстваў, казаў пасол краіны ў РФ Хесус Рафаэль Саласар. Паводле яго слоў, дзяржавы актыўна супрацоўнічалі ў сферы здабычы і збыту нафты. Паводле даных аналітычнай кампаніі Kpler, Расія да канца 2025 года абагнала ЗША і стала асноўным пастаўшчыком нафты для нафтахімічнай прамысловасці Венесуэлы.
У ноч на 3 студзеня амерыканскія вайскоўцы захапілі прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру разам з ягонай жонкай і вывезлі іх у ЗША, дзе ім прад'явілі абвінавачанні ў «наркатэрарызме». Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон будзе кіраваць Венесуэлай, пакуль у краіне не адбудзецца пераход улады. Пасля гэтага кіраўнік Дзярждэпа Марко Рубіо адзначыў, што часовая лідарка Венесуэлы Дэльсі Радрыгес паабяцала адкрыць энергетычны сектар краіны для амерыканскіх кампаній, даць прэферэнцыйны доступ да здабычы і выкарыстоўваць грошы ад продажу нафты для закупкі амерыканскіх тавараў.