У банках Беларусі запрацуе адзіная антыфрод-сістэма супраць махляроў
- 5.02.2026, 14:02
Што гэта такое?
Улетку ў Беларусі будуць укаранёныя адзіныя стандарты ў банкаўскай сістэме, а патрабаванні па процідзеянні незаконным аперацыям стануць больш жорсткімі.
Адзіная банкаўская антыфрод-сістэма, накіраваная на блакіраванне махлярскіх аперацый, запрацуе ў Беларусі з пачатку ліпеня, пра гэта паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун.
Ён удакладніў, што тэхналогія прызначаная для маніторынгу, аналізу і блакіравання аперацый, што праводзяцца па махлярскіх схемах.
«З 1 ліпеня ў нас уступае ў дзеянне ўжо адзіная антыфрод-сістэма для банкаў, з адзінымі патрабаваннямі», – адзначыў намеснік старшыні Нацбанка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што некаторыя банкі актыўна развіваюцца ў сферы прадухілення махлярскіх аперацый, не ва ўсіх фінансавых установах гэтая работа наладжаная на належным узроўні. Картун адзначыў, што з ліпеня ў Беларусі будуць укаранёныя адзіныя стандарты, а патрабаванні да банкаўскай сістэмы па процідзеянні незаконным аперацыям стануць больш жорсткімі.
Намеснік старшыні Нацыянальнага банка нагадаў, што з 2024 года ў Беларусі запушчана аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі інцыдэнтаў, якая акумулюе інфармацыю з усіх фінансавых устаноў краіны. Гэта дае банкам асаблівую перавагу, падкрэсліў Картун.
«Перавага гэтай сістэмы ў тым, што калі банк заблакіраваў аперацыю, або ёсць прыкмета падазронай аперацыі, або калі хтосьці звярнуўся ў МУС ці ў Следчы камітэт (з нагоды махлярскіх дзеянняў), адразу гэты інцыдэнт трапляе ў цэнтральную сістэму, і любы банк бачыць тое, што адбылося ў іншым банку», – адзначыў Картун.
Інфармацыя служыць свайго кшталту абаронай для фінансавай установы, бо зламыснікі пры няўдачы ў адным банку спрабуюць правесці незаконныя аперацыі ўжо ў іншым.
Намеснік кіраўніка Нацбанка таксама паведаміў, што летась беларускі фінансавы рэгулятар рэкамендаваў банкам выкарыстоўваць так званую антыфрод-сістэму і, паводле яго слоў, у кожнай фінустанове яна ёсць.
Сістэма працуе паводле пэўных алгарытмаў, выяўляе падазроную дзейнасць, у тым ліку з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Калі сістэма фіксуе неўласцівыя кліенту банка штомесячныя аперацыі, плацёж блакуецца, патлумачыў Картун.
У адказ на падазроныя аперацыі можа быць уведзены і так званы перыяд астуджэння працягласцю ў суткі. Гэты механізм быў уведзены летась з-за ўсплёску павышанага попыту на крэдыты, якія беларусы нярэдка бралі, трапіўшы пад уплыў зламыснікаў.
«Мы спецыяльна ўвялі перыяд астуджэння. Як правіла, людзям, якія знаходзяцца пад эмацыйным уздзеяннем, гэтага часу хапае для таго, каб яны проста перадумалі», – падкрэсліў Картун.