Польскія памежнікі ліквідавалі групу паветраных кантрабандыстаў
- 5.02.2026, 13:08
Кантрабанда цыгарэт з Беларусі ажыццяўлялася з выкарыстаннем метэаралагічных шараў.
Дзейнасць «арганізаванай злачыннай групы, якая займалася кантрабандай цыгарэт з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу», спынілі супрацоўнікі Надбужанскага атрада Памежнай аховы пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Седльцах (Мазавецкае ваяводства).
«Для ажыццяўлення незаконнай дзейнасці кантрабандысты выкарыстоўвалі метэаралагічныя шары», — паведаміла 5 лютага прэс-служба польскай памежнай службы.
Паведамляецца, што «пяцёра мужчын абвінавачаныя ў ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, кантрабандзе тытунёвых вырабаў, парушэнні правілаў паветранага руху, а таксама ў парушэнні закона аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі ва Украіне».
«Па рашэнні суда яны былі часова арыштаваныя на 3 месяцы. Цяпер падазраваным давядзецца адказаць за свае дзеянні перад судом. Здзейсненыя імі злачынствы караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 9 месяцаў да 12 гадоў», — гаворыцца ў паведамленні.