Трамп дапусціў новыя авіяўдары ЗША па Іране
- 5.02.2026, 11:26
Названая ўмова прымянення сілы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што Іран можа спрабаваць аднавіць сваю ядзерную праграму пасля авіяўдараў ЗША і Ізраіля, нанесеных летась.
Пра гэта гаворыцца ў інтэрв'ю Трампа тэлеканалу NBC News.
Кіраўнік Белага дома, які ў чэрвені аддаў загад аб ударах па іранскіх ядзерных аб'ектах, не выключыў магчымасці новых ваенных дзеянняў з боку ЗША.
На пытанне журналіста, ці варта вярхоўнаму лідару Ірана «хвалявацца», Трамп адказаў, што яму «варта вельмі хвалявацца», дадаўшы, што Тэгеран цяпер вядзе перамовы з Вашынгтонам.
Паводле слоў прэзідэнта ЗША, ён чуў пра спробы Ірана перазапусціць ядзерны праект, хоць падрабязнасцяў не прывёў.
Трамп падкрэсліў, што ў выпадку аднаўлення ядзернай дзейнасці ЗША гатовыя зноў ужыць сілу.
У той жа час у сераду прадстаўнікі ЗША і Ірана пацвердзілі, што перамовы на высокім узроўні адбудуцца ў пятніцу ў Амане.
Чакаецца, што сярод ключавых тэм будзе іранская ядзерная праграма, а таксама іншыя пытанні бяспекі.