Генерал Келог зрабіў гучную заяву пра правал Пуціна
- 5.02.2026, 10:45
У доўгатэрміновай перспектыве час працуе на карысць Украіны.
Краіна-агрэсар Расія не дасягнула сваіх мэтаў ва Украіне, і Крэмль дайшоў да стадыі, калі шукае «найлепшы з магчымых спосабаў» выхаду з вайны, нават нягледзячы на тое, што расійскія войскі працягваюць амаль штодзённыя атакі на энергетычную інфраструктуру Украіны.
Пра гэта заявіў былы спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны і Расіі, генерал Кіт Келог у інтэрв’ю выданню Kyiv Independent.
«Паняцце перамогі, дадзенае Пуціным, не супадае з маім. Я лічу, ён [Пуцін] пацярпеў паразу. Я лічу, Расія пацярпела паразу», — сказаў Келог.
На яго думку, час «грае на карысць» Кіеву ў доўгатэрміновай перспектыве. Наступныя месяцы могуць змяніць баланс сіл у вайне.
«Калі зіма скончыцца і дні стануць даўжэйшымі, я думаю, гэта будзе лепш для Украіны, чым для РФ, у доўгатэрміновай перспектыве», — адзначыў Келог.
Ён распавёў, што пакінуў пасаду ў Белым доме напрыканцы 2025 года. Гэта было зроблена, у тым ліку, дзеля таго, каб мець магчымасць «вольна выказвацца» пра Украіну.
Аднак яго сыход не азначае спынення працы па Украіне. Цяпер ён атрымаў магчымасць публічна фармуляваць уласную пазіцыю адносна вайны і стану спраў Кіева і Крамля, не абмяжоўваючы сябе з-за афіцыйнай лініі адміністрацыі дзеючага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Аднак, як адзначае Келог, разыходжанняў з адміністрацыяй Трампа ў ўкраінскім пытанні, якія прымусілі б яго сысці, не было.
Генерал таксама не выключае, што ад перамоваў пра вайну яго маглі адхіліць з-за катэгарычнай пазіцыі Крамля, які лічыў яго «занадта праўкраінскім».
«Я не думаю, што расіяне абавязкова хацелі бачыць мяне ў гэтай частцы каманды», — заявіў Келог.
Ён таксама анансаваў сваё магчымае вяртанне ў Кіеў у бліжэйшы час.