Беларусаў, якія жывуць за мяжой, абавяжуць здаваць адбіткі пальцаў
- 5.02.2026, 9:56
Каго і калі закрануць новыя правілы?
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны Закон «Аб унясенні змяненняў у законы па пытаннях дзяржаўнай дактылскапічнай рэгістрацыі». У ім вызначаныя катэгорыі асоб, якія будуць здаваць адбіткі пальцаў, а таксама паўнамоцтвы некаторых сілавых ведамстваў.
Згодна з дакументам, абавязковая дактылскапія будзе распаўсюджвацца на замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія падлягаюць дэпартацыі, высылцы або рэадмісіі, а таксама на тых, хто звяртаецца па прытулак, часовую абарону, від на жыхарства ў Беларусі або праходзіць памежны кантроль і прызнаны «патэнцыйнай пагрозай нацыянальнай бяспецы», піша «Зеркало».
Пры гэтым прадугледжаны выключэнні для дзяцей да 14 гадоў, асоб старэйшых за 75 гадоў, дыпламатаў, афіцыйных дэлегацый, а таксама грамадзян Расіі, якія не падлягаюць дэпартацыі або высылцы з Беларусі і не ўключаны ў спіс асоб, якім забаронены або нежаданы ўезд у краіну.
Грамадзян Беларусі старэй за 14 гадоў і маладзей за 75 таксама ўключылі ў пералік абавязковай дактылскапіі, у тым ліку пры выдачы (абмене) дакументаў, якія сведчаць асобу, — у двух выпадках:
калі беларус атрымаў замежнае грамадзянства, від на жыхарства або іншы дакумент замежнай дзяржавы, «які прадастаўляе права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю», і афіцыйна паведаміў пра гэта дзяржаве;
калі ён пастаянна жыве за межамі Беларусі і стаіць на кансульскім уліку.
Дактылскапічную рэгістрацыю такіх грамадзян будуць праводзіць на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, адбіткі пальцаў могуць здымаць у людзей, якія не могуць назваць сябе з-за ўзросту або стану здароўя, тых, хто адмаўляецца паведаміць звесткі пра сябе, а таксама ў без вестак зніклых, калі іх знайшлі на тэрыторыі краіны.
Закон замацоўвае магчымасць здымаць адбіткі пальцаў у электронным выглядзе з дапамогай спецыяльных дактылскапічных сканераў. Захоўваць гэтую інфармацыю будуць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз і Дзяржаўны памежны камітэт, прычым у шэрагу выпадкаў даныя могуць захоўвацца да ўстанаўлення факта смерці чалавека або да дасягнення ім 80 гадоў. Разам з адбіткамі фіксуюцца персанальныя даныя, падставы і дата рэгістрацыі, а таксама подпісы самога чалавека, яго законных прадстаўнікоў і службовых асоб.
Доступ да дактылскапічнай інфармацыі атрымліваюць органы крымінальнага пераследу, суды, МУС, памежная служба і іншыя структуры, што займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю.
Прадугледжаная і магчымасць перадачы такіх даных праваахоўным органам замежных дзяржаў — у межах міжнародных дамоваў.
Дакумент таксама вызначае паўнамоцтвы памежнікаў і мытных органаў. Падчас памежнага кантролю яны змогуць праводзіць асабісты дагляд грамадзян і дагляд іх рэчаў, у тым ліку з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, калі ёсць падставы меркаваць, што гэта неабходна для забеспячэння бяспекі. Вызначаны парадак гэтай працэдуры: дагляд праводзіцца асобай таго ж полу ў асобным памяшканні, з панятымі і абавязковым актам.
Удакладняюцца і правілы транзіту праз памежную паласу: у некаторых выпадках цяпер не патрабуецца афармляць спецыяльныя пропускі — дастаткова мець пры сабе дзеючыя дакументы.
Таксама ўводзяцца новыя абавязкі для перавозчыкаў. Цяпер кампаніі і ІП, што займаюцца міжнароднымі аўтобуснымі перавозкамі, абавязаны бясплатна перадаваць даныя пра пасажыраў у інфармацыйныя сістэмы Мінтранса. Ідзе гаворка пра канкрэтны набор звестак — сюды ўваходзяць прозвішча, імя, імя па бацьку, грамадзянства пасажыраў, рэквізіты іх дакументаў і білетаў.
Асноўная частка нормаў, у тым ліку пункт пра дактылскапію для беларусаў, якія пастаянна жывуць за мяжой, пачне дзейнічаць з 1 красавіка 2026 года, астатнія — на працягу 2026−2027 гадоў.