BE RU EN

У расійскіх вайскоўцаў ва Украіне масава адключылі тэрміналы Starlink

  • 5.02.2026, 9:09

Інтэрнэту няма амаль у 90% падраздзяленняў.

У расійскіх вайскоўцаў ва Украіне перасталі працаваць тэрміналы спадарожнікавай сувязі Starlink. Пра гэта познім вечарам 4 лютага паведамілі Z-блогеры, піша The Moscow Times.

«Па ўсім фронце «леглі» Старлінкі. У праціўніка таксама», — напісаў Уладзімір Раманаў. Гэта пацвердзілі «Трынаццаты», «Два маёры», «Ваенны аглядальнік» і «Беларускі сілавік». Апошні адзначыў, што спадарожнікавага інтэрнэту няма амаль у 90% падраздзяленняў. «Зараз рэзка высветліцца, што падраздзяленні без сувязі не могуць эфектыўна працаваць. Вось навіна для некаторых у высокіх кабінетах будзе», — піша Z-канал.

У сваю чаргу Alex Parker Returns звязаў масавае адключэнне з увядзеннем «белых спісаў» Starlink ва Украіне і папярэдзіў, што «ніякія перазапускі тэрміналаў не дапамогуць». «Наймацней гэта ўдарыць па перадавых штурмавых групах замацавання, напрыклад у Купянску. Яны пазбавіліся любой магчымасці для сувязі з вялікай зямлёй», — падкрэсліў Z-канал.

«Трынаццаты» дадаў, што вайскоўцам давядзецца вярнуцца да «альтэрнатыўнай сувязі», але не ўдакладніў, якой менавіта. У той жа час «Ваенны аглядальнік» нагадаў, што альтэрнатывы Starlink у расійскай арміі «проста не існуе». «Шмат што, у тым ліку баявое кіраванне, было прывязана да яго, і ўсё ўспрымалася як дадзенасць», — канстатаваў Z-канал.

На пачатку лютага кіраўнік Мінабароны Украіны Міхаіл Фёдараў абвясціў аб рашэнні правесці перапіс усіх працуючых у краіне тэрміналаў Starlink, каб стварыць «белы спіс» зарэгістраваных прылад і адключыць усе астатнія. Фёдараў падкрэсліў, што гэта — «рэакцыя на выкарыстанне расіянамі Starlink». Паводле яго слоў, расійская армія пачала ўсталёўваць тэрміналы на дальнабойныя дроны для нанясення удараў па аб’ектах на тэрыторыі краіны. Увядзенне «белага спісу» — адзінае тэхнічнае рашэнне для супрацьдзеяння такой тактыцы расійскай арміі, падкрэсліваў Фёдараў.

Саветнік міністра абароны Украіны Сяргей Стерненка адзначыў, што пасля масавага адключэння Starlink у расійскіх падраздзяленняў пачнуцца праблемы з кіраваннем войскамі на тактычным узроўні, а ўкраінская армія зможа вярнуць сабе перавагу ў сувязі.

Апошнія навіны