Мінчук дастаў у краме з ячэйкі захоўвання пакет і атрымаў вялізны штраф
- 5.02.2026, 8:32
Таксама яго абавязалі прайсці прымусовае лячэнне.
У Мінску судзілі 70-гадовага пенсіянера, які забраў чужы пакет з ячэйкі захоўвання ў краме. Падрабязнасці паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».
Інцыдэнт адбыўся на вуліцы Уманскай. Мужчына зайшоў у краму і заўважыў, што адна з ячэек захоўвання не была зачыненая. У ёй стаяў пакет, у якім ляжалі адзенне, сасіскі і пакет слівак. Пенсіянер узяў чужую маёмасць і пайшоў.
Аператыўнікі хутка знайшлі падазраванага. Высветлілася, што ў 2024 годзе мінчука ўжо судзілі за крадзеж.
Суд прызнаў пенсіянера вінаватым у паўторным таемным выкраданні маёмасці і прызначыў штраф у памеры 50 базавых велічынь (2250 рублёў). Акрамя таго, яго абавязалі прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.