«Каб не марнаваць час на гэтага менеджара, я яго забаніў у працоўным месенджары»
- 4.02.2026, 21:56
Гэтыя айцішнікі нічога не робяць на працы — але так, каб ніхто не заўважыў.
Ці можна (амаль) не працаваць на працы і атрымліваць за гэта грошы? Даследаванне Стэнфардскага ўніверсітэта паказвае, што амаль кожны дзясяты праграміст толькі імітуе занятасць, а айцішнікі распавялі выданню devby.io, як і чаму ствараюць бачнасць працы — часам гадамі.
У лістападзе 2024 года даследчык са Стэнфардскага ўніверсітэта Ягор Дзянісаў-Бланш, які спецыялізуецца на вывучэнні прадукцыйнасці працы ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння, падзяліўся вынікамі вялікага даследавання пра прадуктыўнасць інжынераў-праграмістаў.
Прааналізаваўшы даныя аб прадукцыйнасці больш як 50 000 інжынераў з соцень кампаній, даследчыкі са Стэнфарда зрабілі выснову, што 9,5% праграмістаў практычна нічога не робяць. Такіх супрацоўнікаў яны прапанавалі называць «інжынерамі-прывідмі» (Ghost Engineers).
Паводле ацэнкі Дзянісава-Бланша, больш за ўсё «інжынераў-прывідоў» бывае сярод супрацоўнікаў, якія працуюць дыстанцыйна (14%). У гібрыдным рэжыме ўмела імітуюць працу 9% праграмістаў, а ў офісах — 6%. Пры гэтым сярод праграмістаў на дыстанцыйнай працы прыкметна часцей, чым сярод офісных работнікаў, сустракаюцца і людзі з анамальна высокай прадукцыйнасцю працы.
«Задачу я выконваю за гадзіну-другую. І два-тры дні на стэндапах кажу, што працую над ёй»
Віктар (імя зменена) працуе на пазіцыі QA Automative ў аўтсорс-кампаніі прыкладна з 500 супрацоўнікамі. Зараз ён жыве ў Польшчы, але свае эксперыменты з імітацыяй працы пачаў яшчэ да пераезду:
— На адным з праектаў я пачаў бавіцца нічоганеробствам, яшчэ працуючы ў Беларусі. А калі перабраўся ў Польшчу, як ІП такімі рэчамі стала займацца яшчэ прасцей і выгадней.
Звычайна я займаюся імітацыяй працы, калі ў мяне дзве работы. У кожным такім выпадку адзін з праектаў — «для душы». Там я сапраўды ўкладаюся. Стараюся выконваць сваю працу як мінімум на тым узроўні, якога ад мяне чакае заказчык, а часам нават і больш.
А на другім праекце я ў лепшым разе выконваю мінімальную колькасць задач, каб да мяне не было пытанняў. Прычым нават гэтыя задачы часта раблю з мінімумам намаганняў — абы зрабіць. А цяпер з дапамогай ШІ займацца такімі рэчамі стала яшчэ прасцей. Таскі эстымуюцца ў 2–3 разы больш за рэальныя выдаткі. То-бок задачу я выконваю за гадзіну-дзве і два-тры дні на стэндапах кажу, што працую над ёй.
Ці мучыцца ў мяне сумленне? Абсалютна не. І на гэта ў мяне ёсць прычыны.
Мая цяперашняя аўтсорс-кампанія некалькі разоў парушала пачатковыя дамоўленасці па ўмовах працы і абавязках, якія я буду выконваць на праекце. Спрабуючы неяк вырашыць гэтыя праблемы, я бачыў поўную абыякавасць з іх боку. Была толькі бачнасць занепакоенасці маёй сітуацыяй.
У пэўны момант мне гэта надакучыла, я вырашыў змяніць кампанію. Але, атрымаўшы добры офер, вырашыў часова паспрабаваць папрацаваць на дзвюх работах: цалкам укладацца ў новую, а на першай ствараць бачнасць працы. Я вырашыў, што будзе сумленна «падаіць» гэтых хлопцаў, бо тым самым яны займаліся ў дачыненні да мяне, калі нават не спрабавалі вырашаць мае праблемы з кліентам, якому яны мяне «прадалі».
У выніку ўсё гэта зацягнулася. Я ўжо даволі доўга ствараю ў кліента бачнасць бурнай дзейнасці, і пакуль усё сыходзіць з рук. Вядома, бываюць моманты, калі трэба паспець да дэдлайнаў, і тады я магу выдаткаваць 5–6 гадзін працы ў дзень. Але гэта рэдкасць: я аддаю перавагу скіроўваць працоўны час на другі праект, над якім мне сапраўды цікава працаваць і які лепшы па ўсіх параметрах.
Дарэчы, на праекце, дзе я імітую працу, я не адзін такі. Ведаю яшчэ аднаго чалавека, які таксама працуе па гадзіне-дзве на дзень, а асноўны час траціць на другую працу. Прычыны падобныя: наплявацьскае стаўленне з боку аўтсорс-кампаніі да абароны правоў работніка перад кліентам, а таксама аплата ніжэй за сярэднюю па рынку.
На прапанову «не падабаецца — сыходзь» я адкажу так. Не раз бачыў, як людзей звальняюць ледзь не за адзін дзень, калі яны становяцца непатрэбнымі кампаніі. Частая гісторыя, асабліва ў аўтсорсе: мы — гэта проста рэсурс, які выкарыстоўваюць для атрымання прыбытку. Трошкі што — ты за бортам. Таму я вырашыў памяняцца ролямі і замест бессэнсоўнага вяславання проста выкінуў вясло за борт.
Цяпер такі час. Жывучы ў эміграцыі, пакуль можна зарабіць лішнія грошы, прыкладаючы мінімум намаганняў, — трэба выкарыстоўваць гэты шанец. Не бачу нічога дрэннага ў тым, каб рабіць так у дачыненні да тых, хто не грэбуе добра зарабляць за твой кошт.
«Каб не марнаваць час на гэтага менеджара, я яго забаніў у працоўным месенджары»
Ілья (імя зменена) — распрацоўшчык, які працуе ў сярэдняй па памеры кампаніі (500–600 чалавек у розных краінах), што ўжо пакінула Беларусь:
— У мяне ёсць двое калег, якія ўмеюць імітаваць працу і атрымліваць за гэта зарплату. Праўда, з агаворкай: аднаго з іх усё ж прымусілі працаваць.
Першы — распрацоўшчык. Вось яму мы з калегамі «накруцілі хвост» і прымусілі працаваць. Сказаць, што ён увогуле нічога не рабіў, — перабольшанне, але зусім невялікае. Калі паглядзець у разрэзе ўсёй каманды, так яно і было. Стандартныя задачы ён рабіў у два-тры разы даўжэй, чым яго калегі. Яму заўсёды нешта перашкаджала. Кожны пул-рэквест — фэйспалм, быццам чалавек нават не спрабаваў зразумець, што патрабавалася ў задачы.
Піку ўся гэтая сітуацыя дасягнула, калі яго папрасілі паглядзець адзін тэрміновы баг, які вылез на прадакшне, і фікс быў патрэбны цягам пары гадзін. Гэты паўфабрыкат (прабачце, інакш не ведаю, як назваць) сказаў: «Ок, пагляджу прама цяпер» — і знік.
Праз пару гадзін высветлілася, што ён, нікога не папярэдзіўшы, паехаў у працоўны час па сваіх справах, а баг нават не глядзеў. Пасля гэтага мы правялі з ім выхаваўчую гутарку, падчас якой я ўжо сябе ў выказваннях не стрымліваў. Падзейнічала — і цяпер нават не верыцца, што з ім былі нейкія праблемы.
Другі такі чалавек «працуе» на менеджарскай пазіцыі. Тут усё па класіцы. Калі ў календары з’яўляецца бяссэнсоўны мітынг, на якім будзем «ліць з пустога ў парожняе», — з верагоднасцю 99% яго арганізаваў ён. А яшчэ час ад часу ўсплываюць яго ініцыятывы, адарваныя ад рэальнасці і патрэбныя толькі для таго, каб паказаць яго «эфектыўную працу».
Часам ён прыходзіць з нейкімі пытаннямі ў прыват да выпадковых людзей. Таму, каб не марнаваць на яго час, я яго забаніў у працоўным месенджары. Усё зносіны з ім цяпер адбываюцца выключна праз тыкеты або праз майго лінейнага менеджара. Інакш ёсць рызыка ўвесь дзень прасядзець у бескарыснай перапісцы і званках з ім.