У Мінску плануюць рэканструкцыю Парка Чалюскінцаў
- 4.02.2026, 17:18
Што там будзе?
Адна з самых любімых мінчукамі зон адпачынку неўзабаве зменіць звыклы аблік. Адміністрацыя Першамайскага раёна вынесла на грамадскае абмеркаванне праект яго частковай рэканструкцыі. Новы этап добраўпарадкавання закране перадусім цэнтральную алею і прылеглыя да яе тэрыторыі.
Замест рознапрофільных кропак уздоўж асноўных алеяў з’явяцца нестацыянарныя кафэ і гандлёвыя павільёны. Для іх распрацаваныя праекты некалькіх тыпавых канструкцый з фасадамі «пад дрэва» і дахам з мяккай чарапіцы.
Парк таксама папоўніцца некалькімі атракцыёнамі ўзамен старых, якія адпрацавалі свой тэрмін: абновяцца «Аглядовае кола», «Ладдзя» і «Катальная гара». Таксама будуць цалкам мадэрнізаваныя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.
Тэрыторыю ўпрыгожаць сучасныя лаўкі і малыя архітэктурныя формы. Абновяцца кантэйнерныя пляцоўкі і касы.
Акрамя таго, плануецца стварэнне бесперапыннага ўніверсальнага безбар’ернага асяроддзя, адаптаванага да абмежаваных магчымасцяў фізічна аслабленых асоб.
Зменіцца і асвятленне цэнтральнай алеі — старыя ліхтары заменяць на больш сучасныя і стыльныя.