Эпштэйн атрымаў расійскую візу па запрашэнні ветэранаў ФСБ
- 4.02.2026, 17:11
Новыя дэталі пра сувязі фінансіста з РФ.
У 2011 годзе, запаўняючы заяву на расійскую візу, амерыканскі фінансіст Джэфры Эпштэйн указаў у якасці запрашаючай арганізацыі маскоўскую МОО «Вымпел». З такой назвай у Расіі тады існавала толькі Міжнародная грамадская арганізацыя «Вымпел», піша «Новая газета Еўропа».
«Вымпел» — назва спецпадраздзялення ФСБ, якое займаецца правядзеннем антытэрарыстычных аперацый. На старонцы, прысвечанай аб’яднанням ветэранаў спецпадраздзялення, ёсць спасылка на сайт МОО «Вымпел» (цяпер ён не працуе). Кіраўнік МОО «Вымпел» — ветэран ФСБ і палкоўнік КДБ Сяргей Шастоў, які сваім часам заслужыў асабістую пахвалу ад Юрыя Андропава за аперацыі ў Афганістане.
Запрашальны ліст ад ветэранаў «Вымпела» Эпштэйну дапамог аформіць Сяргей Белякоў — выпускнік Акадэміі ФСБ.
Белякоў займаў шэраг дзяржаўных пасад у Расіі: працаваў у Мінэканомразвіцця, узначальваў праўленне Санкт-Пецярбургскага эканамічнага форуму, а з 2016 года працаваў у Расійскім фондзе прамых інвестыцый (РФПІ), які ўзначальвае Кірыл Дзмітрыеў — адзін з нефармальных прадстаўнікоў Пуціна ў перамовах з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Цяпер Белякоў адказвае за ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады ў фондзе «Сайберус», які займаецца кібербяспекай.
Пра адносіны Сяргея Белякова з Джэфры Эпштэйнам упершыню распавёў у 2024 годзе цэнтр «Дасье». Выхадзец з ФСБ Белякоў дапамагаў Эпштэйну з далікатнай просьбай: разабрацца з расіянкай Гузэль Ганіевай, якая шантажавала ягонага сябра Леона Блэка.
Джэфры Эпштэйн у 2008 годзе прызнаў віну па справе аб арганізацыі прастытуцыі, а ў 2019 годзе быў зноў арыштаваны па абвінавачанні ў гандлі дзецьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Паводле судовых матэрыялаў, па меншай меры 40 непаўналетніх дзяўчынак падвергліся гвалту ў яго рэзідэнцыях. У жніўні 2019 года Эпштэйн скончыў жыццё самагубствам у турме. Яго саўдзельніца Гіслэйн Максвэл была прысуджаная да 20 гадоў пазбаўлення волі.