BE RU EN

Сёння — дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

  • 4.02.2026, 23:29

Легендарнаму нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША спаўняецца 280 гадоў.

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Анджэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.

У 1755 годзе Тадэвуш Касцюшка разам са старэйшым братам паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у горадзе Любешаў, дзе правучыўся да 1760 года. З 1765 па 1769 год вучыўся ў створанай Станіславам Панятоўскім Рыцарскай школе ў Варшаве — фактычна вайсковай акадэміі, дзе рыхтавалі адукаваных афіцэраў. Ужо тады Касцюшка здзіўляў навакольных аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, што нагадвалі яго таварышам пра Карла XII, за што ён атрымаў мянушку «Швед». Тадэвуш стаў адным з самых паважаных кадэтаў. Ён выбраў ваенна-інжынерную спецыялізацыю і скончыў гэтую школу ў чыне капітана.

У 1769 годзе Тадэвуш Касцюшка атрымаў каралеўскую стыпендыю і паехаў у Парыж вучыцца ў вайсковай акадэміі. Вялікі ўплыў на маладога вайскоўца мелі ідэі асветнікаў — Вальтэра, Мантэск'ё, Русо. У 1774 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Месца ў войску Рэчы Паспалітай для Касцюшкі не знайшлося. Афіцэрскую пасаду на той момант можна было толькі купіць за вялікую суму.

Не знайшоўшы сабе прымянення на радзіме, у 1775 годзе ён выехаў у Амерыку, каб у чыне палкоўніка змагацца ў вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. Займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. Вядомасць яму прынёс яго ўклад у фартыфікацыю пры абароне Цікандэрогі і ў бітве пад Саратогай 1777 года. Тадэвуш бліскуча справіўся з будаўніцтвам умацаванняў для абароны Філадэльфіі, што дазволіла яму стаць галоўным інжынерам Паўночнай арміі, якая адбівала напады англічан з боку Канады і Нью-Ёрка. Па ўласнай просьбе Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвую армію, дзе яго веды ваеннага інжынера таксама дазволілі здабыць шэраг перамог над англічанамі. У прызнанне яго заслуг Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 года прысвоіў яму званне брыгаднага генерала амерыканскай арміі.

Па вяртанні на радзіму, на пачатку мая 1792 года Касцюшка быў прызначаны камандзірам адной з трох дывізій, якія складалі армію Рэчы Паспалітай пад камандаваннем князя Юзафа Панятоўскага (яна налічвала каля 17 тысяч жаўнераў). У маі 1792 года Касцюшка вызначыўся ў некалькіх баях з расійскімі войскамі.

Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Касцюшка эміграваў у Саксонію, затым у канцы 1792 года перабраўся ў Парыж, дзе ад імя патрыётаў Рэчы Паспалітай з французскім рэвалюцыйным урадам вёў беспаспяховыя перамовы аб сумесных дзеяннях супраць Аўстрыі і Прусіі.

Па вяртанні з Францыі ў Саксонію, а потым — у Галіцыю Касцюшка актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку агульнанацыянальнага паўстання, «дыктатарам» якога яго прызначылі.

Фактычна паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 года, калі генерал Антоні Мадаліньскі адмовіўся скарачаць I Вялікапольскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі і на чале яе рушыў з Астроленкі на Кракаў. Даведаўшыся пра гэта, Касцюшка неадкладна прыбыў у Кракаў і там абвясціў Акт паўстання, прысягнуў сам, прывёў да прысягі жыхароў і гарнізон. Актам паўстання, падпісаным усімі жыхарамі горада, Касцюшка быў абвешчаны «Начальнікам паўстання», і яму была прадастаўлена ўся паўната грамадзянскай і вайсковай улады ў краіне. Гэты дзень — 24 сакавіка — звычайна і лічыцца днём пачатку паўстання. У той жа дзень Тадэвуш звярнуўся да насельніцтва, выдаўшы чатыры патрыятычныя звароты: «Да войска», «Да грамадзян», «Да святароў» і «Да жанчын».

4 красавіка паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі атрымалі перамогу над расійскімі войскамі пад Рацлавіцамі. 17–18 красавіка паўсталыя гараджане вызвалілі Варшаву, а 22–23 красавіка — Вільню. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім сялянам абяцалася асабістая свабода і змяншэнне павіннасцяў. Але ўжо 6 чэрвеня Касцюшка пацярпеў паразу пад Шчэкоцінамі. Наступная аблога Варшавы аб'яднаным руска-прускім войскам скончылася няўдачай у значнай меры дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву абаронай з боку Касцюшкі. 10 кастрычніка ў бітве пад Мацеёвіцамі з расійскімі войскамі ён быў цяжка паранены, узяты ў палон.

Да лістапада 1796 года Касцюшка быў вязнем Пятрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу. Пасля гэтага ён жыў у эміграцыі.

Імем Касцюшкі названыя вуліцы і плошчы ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама — найвышэйшая гара Аўстраліі. Яго імя таксама ўвекавечана ў ЗША.

Апошнія навіны