ЗША збілі іранскі беспілотнік, які наблізіўся да авіяносца «Абрагам Лінкальн»
- 3.02.2026, 23:54
Яго збіў знішчальнік F-35.
ЗША збілі іранскі беспілотнік, які наблізіўся да авіяносца «Абрагам Лінкальн».
Аб гэтым паведаміла ў аўторак, 3 лютага, Reuters са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка.
Паводле інфармацыі выдання, іранскі беспілотнік Shahed-139 ляцеў у напрамку авіяносца «Абрагам Лінкальн» і быў збіты амерыканскім знішчальнікам F-35.
У студзені 2026 года Злучаныя Штаты пачалі перамяшчэнне авіяноснай ударнай групы з Паўднёва-Кітайскага мора ў зону адказнасці Цэнтральнага камандавання на Блізкім Усходзе. Гэта адбывалася на фоне ўзмацнення напружанасці паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і афіцыйным Тэгеранам.
У канцы студзеня выданне The Economist паведаміла, што ЗША разгарнулі на Блізкім Усходзе ЗРК Patriot, сістэмы супрацьракетнай абароны THAAD і авіяносец «Абрагам Лінкальн». У публікацыі гаварылася, што ЗША разглядаюць магчымасць нанесці ўдар па Ірану.
2 лютага Reuters пісала, што прадстаўнікі іранскага дыктатарскага рэжыму баяцца падрыву сваёй улады ў выніку амерыканскага ўдару. У прыватнасці, Тэгеран дапускаў, што ў краіне пасля такога ўдару з новай сілай успыхнуць масавыя пратэсты.