Іранскія катэры паспрабавалі спыніць танкер ЗША ў Армузскім праліве
- 3.02.2026, 22:28
Катэры КВІР пагражалі ўзяццем на абардаж.
Узброеныя іранскія катэры, якія належаць Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), 3 лютага наблізіліся да амерыканскага нафтавага танкера Stena Imperative ў Армузскім праліве і пагражалі ўзяццем на абардаж. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае камандаванне ЗША, перадае CBS News.
Па словах капітана Ціма Хокінса, прадстаўніка Цэнтральнага камандавання ЗША, эсмінец McFaul неўзабаве прыбыў да месца інцыдэнту і пры падтрымцы амерыканскай авіяцыі суправадзіў танкер у бяспечнае месца. Судна працягнула рух.
Брытанская кампанія Vanguard Tech, якая спецыялізуецца на марской бяспецы, паведаміла кліентам, што да танкера наблізіліся шэсць іранскіх узброеных катэраў і загадалі яму спыніцца для агляду, перадае WSJ.
Пра спробу ўзяць танкер пад амерыканскім сцягам на абардаж таксама паведаміла Брытанскае ўпраўленне марскіх гандлёвых аперацый (UK Maritime Trade Operations), што ўваходзіць у склад Каралеўскага ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі, у сацсетцы X. «Шматлікія невялікія ўзброеныя судны звязаліся па УКХ-радыёсувязі з суднам. Судна праігнаравала просьбу спыніцца і працягнула рух па запланаваным маршруце», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак сэрвісу MarineTraffic, цяпер танкер знаходзіцца ў водах Пярсідскага заліва. Ён рухаецца з Сінгапура ў Бахрэйн.
Армузскі праліў — адно з ключавых «вузкіх месцаў» сусветнай эканомікі, найперш з-за нафты і газу. Праз яго праходзіць адзіны марскі выхад з Пярсідскага заліва ў Індыйскі акіян. У 2024 годзе праз праліў праходзіла каля 20 млн барэляў нафты і нафтапрадуктаў у суткі — гэта прыблізна 20% сусветнага спажывання і больш за чвэрць усяго марскога гандлю нафтай. Каля адной пятай сусветнага рынку ЗПГ таксама праходзіць праз Армуз, пераважна гэта экспарт Катара і ААЭ.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова пагражаў нанесці новы ваенны ўдар па Іране з-за жорсткага падаўлення нядаўніх пратэстаў у краіне або ў выпадку адмовы Ірана ад перамоваў аб новай дамове па ядзернай праграме. Напрыканцы студзеня Трамп заявіў, што накіраваў да Ірана амерыканскую групоўку — «вялізную армаду» на чале з авіяносцам Abraham Lincoln. Кіраўнік Белага дому заклікаў Тэгеран заключыць «справядлівую і раўнапраўную» дамову без ядзернай зброі, інакш, паводле слоў Трампа, рэспубліцы пагражае больш магутны ўдар, чым летам 2025 года.