У Польшчы грузавы цягнік з нафтай сышоў з рэек на шляху, што вядзе ва Украіну
- 3.02.2026, 20:45
Фота.
У Польшчы ў ноч на 3 лютага на тэрыторыі гміны Пражмуў Пясэчынскага павета (Мазавецкае ваяводства) з рэек сышоў грузавы цягнік, які перавозіў нафту. Пра гэта паведаміла Informacje na gorąco – Powiat Piaseczyński ў Facebook.
Абставіны здарэння цяпер высвятляюць адпаведныя службы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, нафту транспартавалі з наступным накіраваннем ва Украіну, аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.
На месца здарэння аператыўна прыбылі падраздзяленні пажарнай аховы, паліцыі і службы аховы чыгункі. З-за характару грузу таксама прыцягнута спецыялізаванае падраздзяленне хімічнага выратавання JRG 6 з Варшавы.
Прэс-служба павета ўдакладніла, што грузавы цягнік спалучэння Шчэцін – Хелм (чыгуначная лінія №12) сышоў з рэек паблізу населенага пункта Ярошова Воля. Паводле яе звестак, у складзе цягніка перавозілі дызельнае паліва. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, уцечак з цыстэрнаў з гаручым не зафіксавана.
«Паводле папярэдніх ацэнак экспертаў, якія працуюць на месцы здарэння, магчымай прычынай аварыі сталі эксплуатацыйныя фактары ў спалучэнні з бягучымі пагоднымі ўмовамі — вельмі нізкімі тэмпературамі», — гаворыцца ў паведамленні.