Першая частка «Валадара пярсцёнкаў» выйдзе ў пракат на беларускай мове
- 3.02.2026, 18:29
Гледачам пакажуць пашыраную рэжысёрскую версію культавага фільма.
Сетка кінапрастораў mooon і Silver Screen абвясціла пра прэм'еру пашыранай рэжысёрскай версіі фільма «Валадар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» з беларускім дубляжам. Паказы стануць першым выпадкам пракату стужкі на беларускай мове ў кінатэатрах краіны, піша Onlíner.
Як паведамілі арганізатары, гледачам пакажуць рэжысёрскую версію фільма з дадатковымі сцэнамі. У кампаніі адзначаюць, што праект прымеркаваны да набліжальнага 25-годдзя выхаду першай часткі культавай кiнатрылогii Пітэра Джэксана — яе сусветная прэм'ера адбылася ў Новай Зеландыі 10 снежня 2001 года.
Фільм будуць паказваць пад лакалізаванай назвай «Валадар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» і ён стане часткай праграмы спецыяльных паказаў. Паводле інфармацыі сеткі, гаворка ідзе менавіта пра поўны дубляж, а не пра паказы з субтытрамі або закадравым агучваннем.
Паказы стартуюць з 12 лютага.