Беларускі велагоншчык перапісаў нацыянальны рэкорд на чэмпіянаце Еўропы
- 3.02.2026, 17:28
Арцём Зайцаў усталяваў лепшы час у гіце на 1 км.
Беларускія спартсмены пачалі выступленні на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку. Турнір праходзіць у турэцкім горадзе Конья, паведамляе БЕЛТА.
У другі дзень спаборніцтваў беларус Арцём Зайцаў у кваліфікацыі гіта на 1 км усталяваў новы нацыянальны рэкорд — 59,613 секунды.
Варта адзначыць, што папярэдні лепшы час таксама належаў Арцёму. У кастрычніку 2025 года на Кубку мацнейшых ён фінішаваў з вынікам 59,669 секунды, што стала новым рэкордам Беларусі ў дадзенай дысцыпліне.
У фінале чэмпіянату Еўропы ён не змог паўтарыць сваё дасягненне. Зайцаў паказаў час на 0,3 секунды павольней, чым у кваліфікацыі, і заняў 6-е месца.
Чэмпіёнам Еўропы стаў брытанец Джозеф Труман. Яшчэ адзін беларускі велагоншчык, Аляксандр Глова, апынуўся на 11-й пазіцыі.
У панядзелак, 2 лютага, беларуска Паліна Конрад замкнула топ-10 у жаночай гонцы з выбываннем. Золата заваявала бельгійка Лотэ Копекі.
У гэтым жа відзе праграмы ў мужчын Кірыл Гуцко паказаў 19-ы вынік, перамогу атрымаў датчанін Тобіяс Хансен.
У спрынце наша Варвара Босякова была 22-й у адборы, а на стадыі 1/16 фіналу саступіла галандцы Кімберлі Кейлі.
Лідар нацыянальнай каманды Ганна Церэх заняла 13-ю пазіцыю ў скрэтчы. Лепшай на кантыненце ў гэтай дысцыпліне стала Хелен Хестерс з Бельгіі.
Сёння, 3 лютага, беларускія велагоншчыкі зноў выйдуць на трасу. Ганна Церэх выступіць у омніуме, Арцём Зайцаў паспаборнічае ў спрынце, а Дзяніс Мазур — у скрэтчы.
Чэмпіянат Еўропы па веласпорце на трэку ў Турцыі працягнецца па 5 лютага.