У Віцебску выставілі аўтамабіль Формулы-1
- 3.02.2026, 13:47
Але ёсць нюанс.
Сцвярджаецца, што гэта аўтамабіль «Ferrari F1» неўстаноўленага года выпуску. Рухавік заяўлены як V6 аб’ёмам 2,5 літра. Дарэчы, аўтамабіль выставілі, але яшчэ не прадаюць. На пытанне каментатараў, калі балід з’явіцца ў продажы, аўтамагазін адказвае «Сачыце за нашымі абнаўленнямі) усё можа быць», адзначае blizko.by.
І ў гэтым загваздка. У Формуле-1 не было рухавікоў такой канфігурацыі ў эпоху, да якой адносіцца аўтамабіль.
Якім годам можна датаваць аўтамабіль?
Мы бачым, што над какпітом няма сістэмы «гало» (ахоўных дуг над галавой пілота) — яе ўвялі з 2018 года. Шыны Bridgestone перасталі выкарыстоўваць пасля 2009 года.
Таксама мы бачым, што на Ferrari нанесены нумар 1. З гэтым нумарам машына Міхаэля Шумахера гоналася ў 2001–2005 гадах, канкрэтны год можна было б распазнаць па аэрадынамічных элементах. Аднак у гэты час машыны былі абсталяваныя 3-літровымі рухавікамі канфігурацыі V10–V12.
Ці магла такая машына дастацца малавядомаму віцебскаму аўтахаўсу? Напрыклад, вядома, што ў лістападзе 2022-га аўтамабіль Ferrari F2003-GA, на якім Шумахер гоняўся на пяці этапах 2003 года, быў прададзены на аўкцыёне RM Sotheby's у Швейцарыі за 14 630 000 франкаў, або прыкладна 14 900 000 долараў.
У лепшым выпадку перад намі «рэпліка» — аматарская копія.
Іншыя каментатары скардзяцца, што машына аднамесная і ў яе не пакладзеш мех бульбы. Таксама чытачы абвінавачваюць аўтахаўс у выкарыстанні штучнага інтэлекту пры стварэнні выявы.
Як гэта можна зразумець? Напрыклад, па тым, што ў адлюстраванні машыны ў шкле павільёна надпіс Marlboro застаўся не люстрана адлюстраваны. А надпіс на заднім антыкрыле ў люстэркавым адлюстраванні ніяк не падобны на Marlboro — ні на звычайны, ні на люстрана адлюстраваны. Таксама ёсць пытанні да маркіроўкі шын Bridgestone Potenza (нейрасетка пастаралася зрабіць як трэба, але відавочныя памылкі бачныя няўзброеным вокам) і калёсных дыскаў BBS.