У Беларусі пачне зніжацца атмасферны ціск
- 3.02.2026, 11:28
Надвор'е пачне змяняцца.
У сераду атмасферны ціск пачне зніжацца, і надвор'е на паўднёвым захадзе Беларусі з-за набліжэння цёплага фронту пачне змяняцца.
Ужо ноччу там пачне павялічвацца воблачнасць, а ўдзень пройдзе снег са слабой мяцеліцай, паведамляе тэлеграм-канал «Метеовайб».
З-за павелічэння барычнага градыента ўзмоцніцца паўднёва-ўсходні вецер з парывамі да 12-14 м/с. На дарогах галалёдзіца. На астатняй тэрыторыі яшчэ захаваецца антыцыклональнае марознае надвор'е.
Уначы -20..-25°С, на паўднёвым захадзе -15..-20°С, а на паўночным усходзе месцамі да -26..-29°С. Удзень -9..-15°С, на паўднёвым захадзе да -6..-8°С.
Мінск: уначы -22..-24°С, а ўдзень -11..-13°, без ападкаў, вецер паўднёва-ўсходні умераны.
З чацвярга па суботу пад уплывам паўднёвага цыклону ў большасці раёнаў снег, слабая мяцеліца. Пераважна ў паўднёвай палове месцамі галалёдныя з'явы. Пагоршыцца дарожная абстаноўка.
Затое ўдзень пацяплее ў сярэднім да -3..-9°С, а на паўднёвым захадзе магчымыя слабыя адлігі.
У нядзелю з адыходам цыклону на ўсход і ўзмацненнем уплыву скандынаўскага антыцыклону тэмпературы зноў пачнуць паніжацца. Уначы на поўначы не выключаюцца -15..-20°С.