BE RU EN

Аўтамабіль лукашэнкаўскіх дыпламатаў урэзаўся ў паліцэйскую машыну ў Беластоку

  • 2.02.2026, 22:23

Вадзіцель прадставіўся консулам у Аўстрыі.

47-гадовы вінавец аварыі прадставіўся консулам Беларусі ў Аўстрыі. У Аўстрыі Беларусь даўно не мае ганаровага консула — верагодна, ідзе пра супрацоўніка консульскага аддзела, перадае «Белсат».

Раніцай 1 лютага ў Беластоку адбылася аварыя з удзелам аўтамабіля беларускіх дыпламатаў і польскай паліцэйскай машыны. Як расказала прадстаўніца Падляскай паліцыі выданню Gazeta Wyborcza, на кальцавым скрыжаванні беларуская BMW не саступіла дарогу паліцэйскаму аўтамабілю і ўрэзалася ў яго. Супрацоўніцу паліцыі забралі ў бальніцу, але неўзабаве яе выпісалі. Абодва вадзіцелі былі цвярозыя.

Сярод іншага прадстаўніца паліцыі расказала, што вадзіцелем беларускага аўтамабіля быў 47-гадовы мужчына, які прадставіўся «консулам Беларусі ў Аўстрыі».

Беларусь мае амбасаду ў Аўстрыі і пасла — 62-гадовага Андрэя Дапкюнаса. Раней Аўстрыя мела ганаровага консула ў Беларусі: ім быў Сяргей Касцючанка, якому цяпер 71 год. Касцючанку ў жніўні 2022 года асудзілі на 3,5 года калоніі за ўхіленне ад падаткаў, але праз паўгода вызвалілі. Цяпер у спісе ганаровых консулаў Беларусі няма ганаровага консула ў Аўстрыі.

Аднак амбасада Беларусі ў Аўстрыі мае консульскі аддзел, супрацоўнікі якога могуць мець званне консула. На сайце амбасады Беларусі ў Аўстрыі консулам пазначаны першы сакратар Андрэй Мароз — але ягонае імя ёсць толькі ў беларускай і англійскай версіях старонак, а не ў рускай і нямецкай версіях.

Міністэрства замежных спраў Беларусі, а таксама амбасады Беларусі ў Польшчы і Аўстрыі не паведамлялі пра дарожна-транспартнае здарэнне.

Апошнія навіны