Былы беларускі палітвязень дапамагае ўкраінцам, якія засталіся без цяпла ў маразы
- 1.02.2026, 22:15
Аляксей Капліч валанцёрнічае ў беларускім «пункце нязломнасці».
Былы беларускі палітвязень Аляксей Капліч пачаў валанцёрнічаць у беларускім «пункце нязломнасці» ў Кіеве. Пра гэта напісала ў «Фэйсбуку» актывістка Алена Жаркевіч, апублікаваўшы фотаздымак маладога чалавека. 18-гадовы беларус правёў за кратамі 8,5 месяца — яго асудзілі за спробу далучыцца да ўкраінскай арміі.
«Учора гэты чалавек быў у турме. Прайшоў праз прымусовую дэпартацыю рэжыму Лукашэнкі. Праз зламаную долю, ціск, прыніжэнні. А сёння ён — у Кіеве. Побач з намі. Робіць тое, што лічыць правільным: дапамагае Украіне выжыць і сагрэцца», — напісала валанцёрка пра Капліча.
Яна назвала ўчынак беларуса праявай «унутранай годнасці чалавека, якога не зламалі».