Студзень у Мінску выдаўся халаднейшы, чым у расійскім Магадане
- 1.02.2026, 21:53
Такога не было з 2010 года.
Паводле дадзеных метэастатыстыкі сярэдняя тэмпература за месяц на апорнай метэастанцыі Мінска дасягнула -10,8. Гэта самы халодны студзень з 2010 года, піша Telegram-канал banki24.
У Магадане, які ў РФ аднесены да раёнаў Крайняй Поўначы, сярэдняя тэмпература за месяц склала -9,4.
Наймацнейшы мароз у Магадане адзначаўся 31 студзеня (-16,7), у Мінску — 17 студзеня (-23,1).
Цэлы тыдзень (з 15 па 21 студзеня) мінімальныя тэмпературы ў Мінску апускаліся ніжэй за -20. Марозна было і ў навагоднюю ноч — мінус 20,8.
Што будзе летам пасля такой зімы? Сіноптыкі кажуць, што прагнозы на доўгі перыяд ненадзейныя. Калі ўзяць за прыклад 2010 год, то тады адзначалася экстрэмальная спякота ў ліпені і жніўні.