BE RU EN

Віктар Бабарыка паабяцаў напісаць план дзеянняў

  • 1.02.2026, 16:29

Былы палітвязень заявіў, што «шмат часу на гэта не спатрэбіцца».

Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, былы палітвязень і экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які выйшаў на свабоду 13 снежня 2025 года, абяцае напісаць план дзеянняў «для сябе і беларусаў». Пра гэта ён піша ў «Фэйсбуку»:

— Пасля доўгай адсутнасці ў «рэальным свеце» і цяпер, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі, перад мной адкрылася карціна істотна змененага свету:

1. Знікла разнастайнасць «фарбаў», якімі людзі ганарыліся і ў гэтым знаходзілі радасць жыцця. Засталося толькі белае або чорнае, свой або чужы, сябар або вораг. Дамінуюць прынцыпы: «хто мацнейшы, той і мае рацыю»; кожны сам за сябе, і любую праблему можна вырашаць не на аснове дасягнення агульнага кампрамісу, які абапіраецца на адзіны падмурак, а шляхам узброенага супрацьстаяння. У выніку трыумфу такіх правілаў — развязванне Расіяй вайны, ад якой цяпер церпіць украінскі народ, а наша краіна апынулася саўдзельніцай агрэсара.

2. Беларусы апынуліся фізічна падзеленыя на тых, хто ўнутры, і тых, хто па-за краінай. Складаецца ўражанне, што гэтыя дзве групы маюць розныя болі і інтарэсы і што яны не чуюць і не разумеюць адно аднаго. Мала таго, нават унутры гэтых «падзеленых беларусаў» няма адзінства і згоды.

3. Ёсць выразна абазначаная мэта рэжыму, што захаваўся ў Беларусі, — утрыманне ўласнай улады і той скажонай «стабільнасці», якая дазваляе рабіць усё, што забяспечвае дасягненне гэтай мэты. У гэтым рэжыму вельмі моцна дапамагае «усходні саюзнік», які прадастаўляе ўсе магчымыя сродкі — эканамічныя, палітычныя, ваенныя, сілавыя і г.д.

4. Няма адзінага разумення вобразу будучыні, які падзяляюць беларусы, што не прымаюць «аптымізм» існага рэжыму.

5. Няма адзінай пазіцыі Еўропы адносна Беларусі і яе магчымасцей падтрымліваць рух да здзяйснення неабходных зменаў. А без процівагі «усходняму суседу» практычна немагчыма забяспечыць дасягненне гэтых зменаў. Гэта яскрава паказаў 2020 год, калі мы былі вельмі блізкія да магчымасці рэалізаваць нашу праграму перамен, але менавіта дзеянні Расіі сталі галоўным «аргументам» у барацьбе рэжыму тады і з’яўляюцца яго апорай сёння.

Але я не згодны з тым, што сённяшняя карціна свету — адзіна магчымая і правільная. Яна не грунтуецца на агульначалавечых каштоўнасцях, якія мне блізкія і якія склаліся і застаюцца нязменнымі на працягу многіх стагоддзяў.

Калі мы гаворым пра вобраз будучыні, які падзяляюць беларусы, важна разумець, што гаворка не пра адкат да ранейшага стану, а пра фармаванне ўмоў для свабоднай, незалежнай і бяспечнай для сваіх жыхароў краіны, дзе кожны мае магчымасць рэалізаваць сябе і пабудаваць свой дабрабыт. Такога стану спраў у Беларусі не было раней і не існуе цяпер.

Я разумею, што пры адзінай мэце шляхі яе дасягнення могуць разыходзіцца, але гэта не абясцэньвае саму ідэю. Кожны можа ісці сваім шляхам і ў сваім тэмпе, але мэта застаецца адна — фармаванне ўмоў для развіцця Беларусі.

І я ведаю, што вельмі часта менавіта шляхі і спосабы дасягнення агульнай мэты і з’яўляюцца прычынамі разрываў і супрацьстаянняў, але гэта не змяняе майго стаўлення да прынцыпаў, якія мне блізкія.

Сумны досвед апошніх гадоў толькі пацвердзіў гэта: знешні свет — толькі граничныя ўмовы для тваёй фізічнай свабоды. Безумоўна, ён вельмі важны, бо вызначае твае магчымасці, але ён не павінен прыводзіць да адмовы ад сістэмы каштоўнасцяў, якой ты трымаешся.

На сёння ў мяне няма дакладнага плана дзеянняў — ні маіх, ні вашых, але я пачынаю рух у кірунку яго фармавання. Лічу, што шмат часу на гэта не спатрэбіцца. Дакладна не гады.

І напрыканцы я хачу сказаць наступнае: галоўнае не тое, хто будзе прэзідэнтам Беларусі і якой будзе наша новая Беларусь. Галоўнае — стварыць умовы, пры якіх беларусы самі змогуць вырашаць гэтыя і іншыя важныя для іх пытанні, што вызначаюць лёс кожнага асобна і агульны для беларусаў.

Апошнія навіны