Рэквіем па электрамары
- 1.02.2026, 16:06
Заканамерны вынік трыццаці гадоў паступовай дэградацыі беларускай навукі.
У шматгадовай эпапеі па стварэнні айчыннага электрамабіля канчаткова пастаўлена кропка. Замест масавага аўто Беларуская акадэмія навук вырашыла абмежавацца экскурсійным аўтобусам для Батанічнага саду. Праўда, яго таксама пакуль зрабіць не атрымалася.
Пра тое, ці мараць беларускія чыноўнікі пра электрамабілі і чаму з гэтай мары нічога не выйшла, — у новым выпуску праграмы «Аптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак».
«Мы крыху пераацанілі свае магчымасці. Не да канца ўсведамлялі, што пасажырскі аўтамабіль — гэта ўсё ж вельмі шмат сістэм бяспекі, гэта мультымедыя, гэта сілавы каркас. І спроба свае распрацоўкі адразу інтэграваць у былую бензінавую машыну, на жаль, не прывяла да добрага спажывецкага выніку», — сказаў у нядзелю ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню прэзідэнт Акадэміі навук Уладзімір Каранік.
Пра «крыху пераацанілі магчымасці» і «не прывяла да добрага спажывецкага выніку» Каранік, вядома, моцна прыкрасіў. У тым сэнсе, што спроба наогул ні да якога выніку не прывяла. Хаця на тое, каб правільна ацаніць свае магчымасці, спатрэбілася восем гадоў і дзясяткі мільёнаў.
Першы айчынны электрамабіль у Беларусі прэзентавалі яшчэ ў 2017 годзе. Апрабаваць яго даручылі тагачаснаму першаму віцэ-прэм’еру Уладзіміру Сямашку. Ён прызнаў выпрабаванні паспяховымі.
«Думаю, у бліжэйшыя два-тры гады ў нас гэта будзе не проста цацка. Гэта будзе, так бы мовіць, рэальнае ўкараненне», — сказаў Сямашка.
Праўда, тады ж выявіліся і некаторыя дробныя недахопы. Батарэя для першага беларускага электрамабіля каштавала даражэй, чым ён сам. Але недахопы абяцалі хутка выправіць і ўжо з 2021 года пачаць серыйную вытворчасць, каб прадаваць беларускі электрамабіль беларусам. І не толькі беларусам. На беларускім электрамабілі збіраліся асвойваць міжнародныя рынкі.
З 2021 годам неяк прамахнуліся, і пасля гэтага запускаць айчынны электрамабіль у серыю абяцалі ўжо штогод. Апошні раз яго абяцалі запусціць у масавую вытворчасць да 1 студзеня 2025 года. Праўда, потым высветлілася, што, па-першае, не масавая вытворчасць, а толькі вопытная партыя, а па-другое, не 1 студзеня, а калі-небудзь.
Як сумленна прызнаў тагачасны віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык: «Гэта была мая ідэя — узяць папулярны Coolray і зрабіць з яго электрычны аўтамабіль. І ён атрымаўся. Ён ёсць, ён прайшоў выпрабаванні. Яго трэба ставіць на вытворчасць. Але тыя вузлы, якія трэба вырабляць, патрабуюць тэхналогій, якіх пакуль няма».
То-бок беларускі электрамабіль аказаўся занадта перадавым для сучасных тэхналогій.
Пробную партыю, дакладней некалькі прататыпаў, атрымалася вырабіць толькі да лістапада 2025 года. Як тады тлумачыў Каранік: «Яны ёсць, яны ў жывым экзэмпляры, проста выглядаюць, як Coolray, каштуюць, як «Rolls-Royce», а ездзяць, як «Жыгулі»».
Гэтыя дасягненні Лукашэнку не ўразілі, і ён удакладніў: «Карацей, калі я выйду і ўбачаць, што я за рулём еду на гэтай машыне, людзі разбягуцца?»
Не, супакоіў яго Каранік. Няма пра што хвалявацца. Машына — клас.
«Не разбягуцца, ён выглядае, як звычайны Coolray, і нават едзе».
Машына, якая выглядае, як Coolray, каштуе, як «Rolls-Royce», і нават едзе, аказалася найвышэйшым дасягненнем айчыннага электрамабілебудавання.
Праз чатыры дні пасля нарады КДК абвінаваціў групу распрацоўнікаў у тым, што яны няправільна размеркавалі прэміі і завышалі цэны пры правядзенні закупак.
Але, як сказаў Уладзімір Каранік, усё было не дарэмна: «Мы знайшлі сваю нішу. Гэта аўтамабілі спецыяльнага прызначэння. Электратранспарт складскі, электракары для аэрапортаў. Гэта экскурсійны аўтобус для Батанічнага саду, які цяпер праектуецца і будзе вырабляцца».
То-бок восем гадоў намаганняў спатрэбілася, каб стварыць экскурсійны аўтобус для Батанічнага саду. Пры гэтым нават гэты аўтобус яшчэ не зроблены, а толькі праектуецца.
І гэты правал не становіцца менш эпічным ад таго, што ён ад самага пачатку быў прадказальным. Гэта заканамерны вынік трыццаці гадоў паступовай дэградацыі беларускай навукі.