Польскія вайскоўцы заявілі пра чарговую правакацыю рэжыму Лукашэнкі
- 1.02.2026, 11:20
Аб’екты перасеклі мяжу з боку Беларусі.
У ноч з 31 студзеня на 1 лютага беларускі бок зрабіў чарговую спробу праверыць рэакцыю польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Так, аператыўнае камандаванне Узброеных Сіл гэтай краіны паведаміла пра чарговы залёт у паветраную прастору аб’ектаў, падобных да метэазондаў.
Польскія вайскоўцы зафіксавалі, што аб’екты перасеклі мяжу з боку Беларусі. Для забеспячэння бяспекі былі задзейнічаны радыёлакацыйныя сістэмы, якія бесперапынна адсочвалі палёт шароў. У паведамленні падкрэсліваецца, што прамой пагрозы для жыхароў Польшчы гэтыя аб’екты не ўяўлялі.
«Аператыўнае камандаванне знаходзіцца ў пастаянным кантакце з адпаведнымі службамі і ўстановамі, у рэжыме рэальнага часу перадаючы даныя пра выяўленыя аб’екты. Войскі супрацьпаветранай абароны застаюцца ў гатоўнасці да выканання задач па забеспячэнні бяспекі польскай паветранай прасторы», — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, у ноч на 31 студзеня ў паветраную прастору Польшчы з боку Беларусі таксама заляцелі аб’екты, якія вайскоўцы «з высокай доляй верагоднасці» вызначылі як паветраныя шары. Тады Аператыўнае камандаванне заявіла, што гэта была серыя гібрыдных інцыдэнтаў на ўсходзе краіны.