Bloomberg: У Пуціна звужаецца акно магчымасцяў
- 1.02.2026, 10:47
Крэмль не ў стане зацягваць вайну з-за дэфіцыту ў бюджэце.
Расія сутыкаецца з усё больш сур'ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі ў фінансаванні вайны супраць Украіны. На фоне перамоў гэта звужае для Крамля магчымасці зацягваць вайну без эканамічных наступстваў.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін сутыкаецца з «звужэннем акна» для дасягнення мірнага пагаднення ва Украіне, піша Bloomberg.
Паводле звестак крыніц выдання, расійскі ўрад рыхтуецца да перавышэння запланаванага дэфіцыту бюджэту, калі ваенныя выдаткі зноў вырастуць. Расійскія чыноўнікі занепакоены тым, што бюджэтныя выдаткі сёлета зноў перавысяць запланаваны ўзровень і спрабуюць адшукаць новыя крыніцы даходаў на суму да 1,2 трыльёна рублёў (16 мільярдаў долараў), каб збалансаваць ключавы бюджэтны паказчык.
«Гэта эквівалентна дадатковым 0,5% валавога ўнутранага прадукту звыш запланаванага на гэты год дэфіцыту ў 1,6% ВУП на фоне зніжэння даходаў ад продажу энерганосьбітаў і ўплыву штучнага ўмацавання рубля», — патлумачыла крыніца выдання.
Адзначаецца, што цана расійскай нафты Urals застаецца ніжэйшай за закладзеную ў бюджэце, а курс рубля істотна мацней за прагнозны. Пры такіх умовах даходы ад нафты і газу могуць апынуцца больш чым на 2 трыльёны рублёў меншыя за чаканыя, што паглыбіць дэфіцыт.
У той жа час аўтары матэрыялу падкрэслілі, што ў Маскве бачаць мала шанцаў на прарыў падчас мірных перамоў.
«Хоць расійская і ўкраінская ваенныя дэлегацыі ўдакладняюць тэхнічныя дэталі, звязаныя з выкананнем любога патэнцыйнага спынення агню, спрэчкі па тэрытарыяльных пытаннях патрабуюць палітычных рашэнняў на ўзроўні кіраўніцтва», — гаворыцца ў артыкуле.
Журналісты таксама адзначылі, што бюджэтнае становішча Расіі можа яшчэ больш пагоршыцца, паколькі санкцыі ЗША прымушаюць вытворцаў нафты зніжаць і без таго нізкія цэны на нафту.