BE RU EN

Расія аднаўляе стары гарнізон паблізу Фінляндыі

  • 1.02.2026, 10:29

Ваенны эксперт ацаніў сітуацыю.

Расія аднаўляе стары гарнізон у Петразаводску ў Рэспубліцы Карэліі, якая знаходзіцца недалёка ад Фінляндыі. Там высеклі вялікія ўчасткі лесу, з’явілася і ваенная тэхніка.

Пра гэта піша фінскі рэсурс Yle са спасылкай на адпаведныя спадарожнікавыя здымкі. Адзначаецца, што гарнізон савецкіх часоў у асноўным пуставаў, аднак летась РФ узялася за яго аднаўленне.

Яшчэ летам 2024 года раён Рыбка быў парослы кустоўем. Гэтую тэрыторыю выкарыстоўвалі для навучанняў. Акопы там з’явіліся яшчэ некалькі гадоў таму, аднак змены сталі больш прыкметнымі цягам апошніх месяцаў.

«Спадарожнікавыя здымкі мінулай вясной паказалі, што вялікія ўчасткі лесу былі высечаныя, а ў раёне з’явілася ваенная тэхніка», – пішуць аўтары матэрыялу.

Варта адзначыць, што ў Петразаводску знаходзяцца буйная авіябаза і склад зброі расіян. Цяпер там знаходзіцца да 3 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, база «Бесавец» служыць базай для 80 знішчальнікаў.

Ваенны эксперт Марко Эклунд мяркуе, што абноўлены гарнізон у Карэліі будзе выкарыстоўвацца 44-м армейскім корпусам Узброеных Сіл РФ, які быў створаны ў 2024 годзе. Тады колькасць вайскоўцаў на аб’екце складзе 15 тысяч чалавек.

На спадарожнікавых здымках можна разгледзець грузавікі і іншую тэхніку. На думку Эклунда, грузавікі могуць належаць аўтамабільнай роце, якая займаецца транспартным забеспячэннем армейскага корпуса. Аднак гарнізона ў раёне Рыбка для цэлага армейскага корпуса не хопіць, адзначыў эксперт. Эклунд сцвярджае, што ў Рэспубліцы Карэліі чакаюцца даволі маштабныя будаўнічыя праекты.

Апошнія навіны