Каллас: Пуцін не хоча міру
- 9.01.2026, 21:08
Кіраўніца дыпламатыі ЕС назвала ўдар «Арэшнікам» папярэджаннем Захаду.
Выкарыстанне краінай-агрэсаркай Расіяй ракеты «Арэшнік» супраць Украіны, якое адбылося ў ноч на 9 студзеня, з’яўляецца відавочнай эскалацыяй захопнікаў і «папярэджаннем для Еўропы і ЗША». Адначасова гэта папярэджанне з’яўляецца адказам расійскага рэжыму на спробы дыпламатычнага спынення вайны ва Украіне.
«Кіраўнік Крамля Пуцін не хоча міру і адказвае на дыпламатыю яшчэ большай колькасцю ракет і разбурэнняў». Так кіраўніца дыпламатыі і палітыкі бяспекі ЕС Кая Каллас пракаментавала апошні ўдар захопнікаў па Львове.
«Гэта смяротная схема маштабных расійскіх удараў будзе паўтарацца, пакуль мы не дапаможам Украіне яе зламаць», — лічыць галоўная дыпламатка Еўропы.
Таксама, паводле яе слоў, краіны ЕС павінны «глыбей пагрузіцца» ў свае запасы сродкаў супрацьпаветранай абароны і «неадкладна выканаць свае абавязацельствы» — відавочна, маецца на ўвазе абяцанне еўрапейскіх краін дапамагчы Украіне з сістэмамі СПА.
«Мы таксама павінны яшчэ больш павысіць кошт гэтай вайны для Масквы, у тым ліку шляхам увядзення больш жорсткіх санкцый», — дадала высокая прадстаўніца ЕС.