ЗША затрымалі расійскі танкер у Карыбскім моры
- 9.01.2026, 16:18
Olina быў затрыманы каля вострава Трынідад.
ЗША затрымалі танкер Olina ў Карыбскім моры паблізу вострава Трынідад. Гэта ўжо пяты падобны перахоп суднаў за апошнія тыдні ў межах намаганняў Вашынгтона па кантролі экспарту венесуэльскай нафты. Пра гэта паведаміў у пятніцу, 9 студзеня, амерыканскі чыноўнік, піша Reuters.
Паводле дадзеных украінскай разведкі, танкер задзейнічаны ў экспарце нафты і нафтапрадуктаў у абыход санкцый G7 з расійскіх партоў Балтыйскага мора і Чорнага мора, а таксама Ціхаакіянскага рэгіёну, пераважна ў КНР, Індыю і Турцыю.
На Olina накладзеныя санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, ЕС, Швейцарыі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.