BE RU EN

Беларус вырашыў «даць невялікі ўрок» кіроўцу аўтамабіля, які заняў расчышчанае ім ад снегу паркавальнае месца

Меркаванні наконт яго ўчынку падзяліліся.

Вуліцы завеяла, і ў аўтаўладальнікаў з'явілася яшчэ адна прычына для спрэчак. У супрацьлеглых кутах «рынга» — дзве катэгорыі кіроўцаў: адны самі расчышчаюць паркавальныя месцы, другія не толькі не бяруць лапаты, але і ахвотна карыстаюцца плодамі чужой працы. Што, ясная справа, прыводзіць да канфліктаў, якія заканчваюцца не толькі эмацыйнымі прэтэнзіямі ў адрас адзін аднаго. Так карыстальнік TikTok Дзяніс вырашыў «даць невялікі ўрок» уладальніку аўто, які заняў прыбраную ім тэрыторыю. Пра гэта ён расказаў у сваім акаўнце, піша «Зеркало».

Відэа на старонцы Дзяніса пакуль толькі адно. З'явілася яно ў пачатку студзеня. На кадрах — паркоўка ў прыватным сектары.

— Учора ўвечары пачысціў сабе месца, сёння выехаў, і яго заняў вось гэты Nissan X-Trail, — кажа мужчына, паказваючы на аўтамабіль.

Паводле слоў Дзяніса, убачыўшы, што падрыхтаванае ім месца зайнята, ён расчысціў участак побач, а ўладальніка Nissan X-Trail вырашыў «пакінуць невялічкую кучку снегу».

Мужчына паказаў нявысокую гурбу снегу, якую ён зрабіў за аўтамабілем, каб ускладніць яму выезд.

— Як лічыце, гэта дрэнна ці нармальна? — пацікавіўся ён у карыстальнікаў TikTok. — Але, я думаю, чалавек павінен разумець, што таксама трэба дапамагаць грамадству снег прыбіраць. Правільна? Я думаю, [я паступіў] нармальна.

За два дні відэа Дзяніса паглядзелі больш за паўмільёна разоў. Пад ім амаль чатыры тысячы каментароў. У гарачай спрэчцы зышліся тыя, хто падтрымаў мужчыну, і тыя, хто катэгарычна з ім не згодны. Прывядзем некаторыя з выказванняў:

«Нешта мне здаецца, што тыя, хто піша «не тваё месца», лапаты ў руках не трымалі. Тут больш адыгрывае ролю чалавечы фактар».

«У нас больш за 20 паркавальных месцаў. Як думаеце, чаму кожны ставіць на сваё месца, прыбранае? І так, бацькі вядуць дзяцей у садок, ставяць свае машыны на прыбраныя месцы, якія мы, жыхары, чысцім для сябе, але пры гэтым пакідаюць свае нумары тэлефонаў — чаму? Адкажу за вас — чалавечы фактар».

«Я б усе месцы пачысціў, каб гэты Nissan снегам засыпаць!»

«А як ён павінен быў зразумець, што гэта месца нельга займаць? Таму што ты яго чысціў учора ўвечары?»

«Па-вашаму, цяпер на прыбранае месца [машыну] ставіць нельга. Дык можна летам падмесці месца, і таксама [атрымліваецца] вашым будзе».

«Я б кучку зрабіў вышэй за яго дах!»

«Увогуле мне таксама непрыемна, калі я зімой бягаю з лапатай вакол машыны, а хтосьці потым гэтым карыстаецца. Няхай бы побач таксама пачысціў».

«Як на мяне, гэта дрэнна — калі наўмысна каго-небудзь засыпаць… Я асабіста чышчу, потым на маё месца становяцца — нічога страшнага. Я люблю лапатай памахаць, для здароўя добра! А чалавек, можа, у іншым месцы пачысціў — не ў снегавы гурт жа яму заязджаць».

«За выхадныя ні адзін мужчына з лапатай не выйшаў у двор. У двары горы снегу. Ходзяць, ездзяць, лаюцца, а пачысціць ніхто не можа. Адзіным «мужыком» з лапатай аказалася я».

«Увогуле негалоснае правіла ў нармальных людзей — узімку ў дварах на прыбранае месца не ставяць. Ну, калі залётны, не з двара, дык, зразумела, не ведае. А так звычайна ўсе адзін аднаго завочна ведаюць <�…> і, як бы, не ставяць на прыбранае. Усё правільна зрабіў — [кіроўца іншамаркі] павінен зразумець».

«Падмяла ў пад'ездзе. Настойваю, каб суседзі з'ехалі!»

Ці законныя прэтэнзіі

Некаторыя кіроўцы лічаць, што калі яны пачысцілі паркавальнае месца, то гэтая тэрыторыя дэ-факта замацавана за імі. Аднак паводле закона землі, «занятыя вуліцамі, праспектамі, плошчамі, праездамі, набярэжнымі, бульварамі, скверамі, паркамі і іншымі грамадскімі месцамі», адносяцца да тэрыторый агульнага карыстання.

Такім чынам, спроба «прыватызаваць» паркоўку з'яўляецца парушэннем.

Апошнія навіны