BE RU EN

Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да беларусаў на Божае Нараджэнне

  • 7.01.2026, 22:56

Гэта свята раскрывае вялікую таямніцу быцця.

Галава Беларускай Праваслаўнай Царквы – мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін – звярнуўся да жыхароў краіны з калядным пасланнем.

Тэкст можна знайсці на сайце царквы на беларускай і рускай мовах.

Мітрапаліт адзначыў, што Раство глыбей за многія кнігі і мудрыя настаўленні раскрывае вялікую таямніцу быцця Божага і Яго адносін да чалавека.

«У гэты збавенны дзень разам з валхвамі мы пакланяемся Госпаду, уздаём Яму славу разам з пастырамі і лікуем разам з анёламі», — гаворыцца ў пасланні.

Веніямін заклікаў беларусаў ісці «не шляхам самалюбства, абыякавасці і пыхі», а «благадатным шляхам пакоры, міласэрнасці і ўвагі да бліжніх», адзначыўшы, што менавіта гэтага так не стае сучаснаму свету.

«Будзем радавацца вялікаму святу Раства Хрыстовага і несці гэтую радасць усім нашым блізкім», — сказаў мітрапаліт.

Уладыка пажадаў, каб благадатная радасць заўсёды напаўняла сэрцы беларусаў, робячы іх тымі свяцільнікамі, якія, прыняўшы святло ад Віфлеемскай зоркі, непрыстанна сведчаць пра Хрыста і Яго любоў да кожнага чалавека.

«Жадаю вам, дарагія, ў настаўшым новым годзе добрага здароўя і усемагутнай дапамогі ад Госпада, нашай багазахаванай краіне — дабрабыту і росквіту, міру ва ўсім свеце, сем’ям — любові і згоды», — заключыў ён.

Нагадаем, 7 студзеня праваслаўныя беларусы адзначаюць Раство. Гэты дзень лічыцца афіцыйным дзяржаўным выходным.

Апошнія навіны