Урокі пратэстаў у Іране для Беларусі
- 7.01.2026, 15:06
Вучымся рабіць рэвалюцыю правільна.
Чытач Telegram-канала «Баста!» падзяліўся ўражаннямі ад апошніх навін з Ірана, дзе пратэстоўцы узялі пад свой кантроль два гарады. І параўнаў іх з падзеямі пяцігадовай даўнасці ў нашай краіне:
— Іран: пратэсты штодня ў цэнтры гарадоў, блакада дзяржаўных устаноў і ключавых магістраляў, захоп адміністрацыйных будынкаў. Беларусь: прагулкі на ўскраіны сталіцы па выхадных, шарыкі, кветачкі. На любы заклік не тое што да больш рашучых, а проста да дзеянняў — акрыкі са штаба Ціханоўскай: «правакаватары», «вы хочаце крыві», «мы будзем рабіць усё па законе».
16 жніўня, самая масавая дэманстрацыя ў гісторыі Беларусі, момант ісціны — і што мы чуем? Разыходзьцеся па дамах, сустрэнемся ў наступную нядзелю. Гонар і натхненне ад такой колькасці людзей на вуліцах тады ў многіх змяшаліся з расчараваннем. І пратэст пайшоў на спад.
За апошнія 10 дзён у Іране дэманстранты, пры тым што іх не так ужо і шмат, узялі пад кантроль некалькі гарадоў, а ў многіх іншых занялі паліцэйскія ўчасткі, ключавыя будынкі. І самае галоўнае — ні дня перадышкі ўладам, пратэсты нон-стоп.
Робім высновы і вучымся рабіць рэвалюцыю правільна.