BE RU EN

Найбагацейшы чалавек Азіі адхрысціўся ад закупаў расійскай нафты

  • 6.01.2026, 10:43

Мукеш Амбані баіцца санкцый.

Індыйскі кангламерат Reliance Industries, які належыць найбагацейшаму бізнесмену Азіі Мукешу Амбані, заявіў, што ў студзені не чакае паставак расійскай нафты і не атрымліваў такіх грузаў цягам апошніх трох тыдняў.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Прыватны нафтаперапрацоўчы гігант, які раней быў найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты не толькі ў Індыі, але і ў свеце, выступіў з афіцыйнай заявай, абвергнуўшы публікацыю Bloomberg. Агенцтва са спасылкай на даныя Kpler сцвярджала, што тры танкеры з расійскай нафтай накіроўваюцца на НПЗ Reliance у горадзе Джамнагар.

«Пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе Індыя стала найбуйнейшым пакупніком расійскай марской нафты, якая прадавалася са значнай зніжкай. Гэтыя закупы выклікалі рэзкую крытыку з боку заходніх краін, якія ўвялі санкцыі супраць энергетычнага сектара Расіі, адзначаючы, што нафтавыя даходы выкарыстоўваюцца для фінансавання ваенных дзеянняў Масквы», — адзначае Reuters. — «На фоне адмовы Reliance ад расійскай нафты імпарт з РФ у Індыю, як чакаецца, яшчэ больш скараціцца ў студзені, а Кітай застанецца адзіным ключавым рынкам збыту для Масквы».

Адначасова крыніцы Reuters паведамілі, што ўлады Індыі звярнуліся да нафтаперапрацоўчых кампаній з патрабаваннем штотыдзень раскрываць звесткі аб закупах расійскай і амерыканскай нафты. Паводле іх слоў, Нью-Дэлі разлічвае, што імпарт расійскай сырой нафты знізіцца ніжэй за адзнаку ў 1 млн барэляў у дзень, паколькі краіна імкнецца прасунуцца ў перамовах аб гандлёвай дамове з ЗША.

Апошнія навіны