BE RU EN

Лукашэнка сапраўды баіцца гэтага сцэнару

  • Віталь Цыганкоў
  • 4.01.2026, 23:01

Асабліва ў апошнія гады.

Неаднаразова ў розных эфірах і публікацыях я выказваў думку, што (як бы гэта ні гучала смешна для многіх) Лукашэнка насамрэч вельмі баіцца «нападу», сілавога звяржэння. Мы смяемся, іранізуем з яго шматлікіх заяў на гэтую тэму, але ён жа не прыкідваецца, калі кажа, напрыклад, пра «джыпы з кулямётамі з боку літоўскай мяжы».

Ён сапраўды баіцца такога сцэнару, асабліва ў апошнія гады. А сёння яму ў галаву прыходзіць падступная думка: калі такое адбылося ў Венесуэле — чаму такое не можа адбыцца ў Беларусі? Толькі таму, што ёсць сябар Валодзя? Але гэта велічыня зменная. Дый сам ён казаў, што сяброў у яго няма.

Звярніце ўвагу: дзяржсакратар ЗША Рубіо перапастыў свой твіт паўгадавой даўніны, у якім заяўляў, што ЗША не лічаць Мадура легітымным кіраўніком дзяржавы.

«Ён — кіраўнік наркакартэля, які захапіў краіну. Супраць яго выстаўленыя абвінавачанні ў пастаўках наркотыкаў у ЗША», — пісаў тады Рубіо.

Дык што ЗША не зрыналі законнага кіраўніка дзяржавы — яны правялі, трэба сказаць, бліскучую спецаперацыю па затрыманні кіраўніка наркакартэля. Проста было забяспечана выкананне ордэра на арышт.

Важная дэталь, якая падкрэслівае, наколькі ў пэўныя моманты становіцца важнай такая, здавалася б, абстрактная і «тэарэтычная» рэч, як легітымнасць.

І яшчэ невядома, якія дэталі супрацоўніцтва з мінскімі таварышамі выдасць арыштаваны Мадура. І хто там апынецца саўдзельнікамі «кіраўніка наркакартэля».

Лукашэнку цяпер вельмі няўтульна і нязручна. Балюча ўсведамляць, што акружэнне Мадуры, калі судзіць па вядомай на сёння інфармацыі, відавочна яго здало, не аказаўшы супраціву. Балюча разумець, што амерыканскі спецназ — некалькі дзесяткаў чалавек — за 30 хвілін зрабіў тое, да супраціву чаму нібыта гадамі рыхтаваліся ўзброеныя сілы краіны. Балюча падазраваць, што той самы сябар Валодзя ў выпадку якой-небудзь «вялікай здзелкі» можа здаць цябе ў лапы імперыялістаў або замяніць на яшчэ больш паслухмянага. Сірыйскаму Асаду Валодзя нічым не дапамог. А тут яшчэ Іран на падыходзе.

Віталь Цыганкоў, «Фэйсбук»

Апошнія навіны