Чэмпіён БССР у чатырох відах спорту граў з легендарным Пракапам
- 31.01.2026, 20:45
А ўжо на пенсіі выхаваў гульца для зборнай Беларусі.
Міхаіл Міхайлавіч Саладышаў – унікальны чалавек для беларускага спорту. Як гулец станавіўся чэмпіёнам краіны адразу ў трох дысцыплінах – футболе, хакеі і бенды. Як трэнер перамагаў у першынстве БССР па хакеі на траве. А ўжо на пенсіі выхаваў гульца зборнай Беларусі па футболе Германа Баркоўскага, піша «Трыбуна».
Саладышаву ў снежні споўнілася 79. Ён карэнны бабруйчанін. Скончыў тэхнікум фізічнай культуры ў Ленінградзе (цяперашні расійскі Санкт-Пецярбург) і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, прысвяціў спорту ўсё жыццё. А цяпер расказаў пра яго блогеру.
У 1972 годзе Саладышаў стаў чэмпіёнам БССР па футболе ў складзе «Будаўніка». Бабруйчане ў турнірнай табліцы аказаліся вышэй мінскага і жодзінскага «Тарпеда». Усяго ў тым першынстве ўдзельнічала 12 каманд.
«Будаўнік» быў нядрэннай камандай. Трэніраваў нас Генадзь Штэйнбук, мы з ім разам вучыліся ў Ленінградзе. Штэйнбук ведаў усе падыходы і адыходы, збіраў каманды, вызваляў гульцоў ад працы, калі патрабавалася. Трэніраваў і футбольную, і хакейную каманды. Умовы ствараліся для нас больш-менш нядрэнныя. Калі ў 1976 годзе ўтварыўся футбольны «Шыннік», я туды ўжо не пайшоў – трэба было думаць, як кватэру атрымаць», – успамінае былы футбаліст.
У чэмпіёнскім «Будаўніку» Саладышаў пагуляў з 18-гадовым Аляксандрам Пракапенкам, будучай зоркай мінскага «Дынама».
«Узялі яго практычна з вуліцы. Ён трэніраваўся ў Уладзі Сасункевіча. Я лічу, што як гульца яго зрабіў наш хаўбек Жэня Башкатаў, ён родам з Тулы, але адграў шмат і ў Магілёве, і ў Бабруйску. Жэня паставіў Пракапенку на край атакі, там ён і стаў раскрывацца. У Сашы прыродны быў талент, добры рух, вулічная тэхніка, хуткасць мыслення, рэакцыя», – успамінае Саладышаў.
Суразмоўца адзначае, што праблемы з алкаголем у Пракапенкі былі ўжо ў тыя, зусім яшчэ юныя, гады.
«У яго бацька піў. Саша з малодшым братам прыстраціліся да чарнілаў яшчэ да таго, як у «Будаўнік» трапіў. Памятаю, калі яго ўжо «Дынама» адлічыла са складу, выпадкова сустрэліся ў Бабруйску ў краме – ён якраз вяртаўся з мозырскага ЛТП. Кажа: «Прывітанне, Міша! Дай мне грошай на чарніла». Адказваю: «Ты ж зноў нап'ешся, табе толькі горш будзе, заканчвай ужо». – «Табе шкада?». – «Не шкада, але ведаю, чым гэта ўсё заканчваецца». Яму кажаш – а ён ужо нічога не чуе», – распавядае экс-гулец.
Хакейны чэмпіянат БССР Саладышаў выйграў у 1975 годзе. Каманда таксама называлася «Будаўнік».
«Ведаеце, колькі раней снегу было? Ігралі ж толькі на свежым паветры, гэта цяпер у Бабруйску ёсць льдавы палац, а тады было толькі дзве каробкі – на «Спартаку» і «Фандоку». Перад трэніроўкай бярэш лапату, выкідваеш снег, потым усё зачыщаеш, заліваеш лёд. У камандзе ў асноўным усе былі мясцовыя, толькі пару чалавек з Сібіры. Многія з іх потым заставаліся жыць у Бабруйску», – успамінае Саладышаў.
Па размове здаецца, што асаблівая страсць у кар'еры – бенды, хакей з мячом. Сам экс-гулец аддае перавагу назве «рускі хакей». За каманды «Бярэзіна», «Будаўнік» і «Хімік» бабруйчанін выступаў да 55 гадоў, скончыў кар'еру толькі ў 1990 годзе. Суразмоўца прызнаецца, што нават успомніць не можа, колькі разоў выйгрываў першынство БССР.
«Не менш за 10–15 чэмпіёнстваў у мяне. Кожнае прадпрыемства мела каманду, у гарадскім турніры іграла 10–15 каманд. Тады і стаўленне кіраўніцтва заводаў і фабрык было іншым. На гульні прыходзілі першыя сакратары гаркама партыі, старшыні гарвыканкама – усе хадзілі. Цяпер старшыня спарткама (відаць, маецца на ўвазе начальнік аддзела спорту выканкама Лукашэнкі па Бабруйску – Tribuna.com), працуючы праз дарогу, можа адзін раз за сезон прыйсці на стадыён. Раней жа ўвага была вельмі сур'ёзная. На адной трыбуне сядзіць дырэктар аднаго завода, на другой – другога, тут жа бухгалтар. Камандзе-пераможцы бухгалтар назаўтра ж выпісваў прэмію. Я да апошняга іграў, пакуль старыя яшчэ збіраліся», – кажа Саладышаў.
Саладышаў патрэнераваў розныя бабруйскія каманды па бенды. Кажа, як гулец меў запрашэнне ад ленінградскай «Чырвонай Зары», якая выступала ў ніжэйшых лігах чэмпіянату СССР.
«Па Беларусі я нават не разглядаў варыянтаў, хаця звалі шмат куды. У Ленінград не паехаў – жонка адгаварыла. Яна была якраз цяжарная тады, сказала: куды ты, маўляў, паедзеш, пакінеш мяне. Мне ўсё падабалася, калі б не падабалася, то і не іграў бы. Здароўя хапала. Цяпер мне ўжо адно калена замянілі, трэба рабіць аперацыю і на другім. У Бабруйску гадоў 20 ніхто ў хакей з мячом не гуляе. Здаецца, акрамя мяне, такім чалавекам, хто выйгрываў чэмпіянаты ў хакеі з шайбай, рускім хакеі і футболе, быў толькі Юра Кіселёў. Не ведаю, дзе ён цяпер, але кажуць, што дзесьці ў мяне ў раёне жыве», – дзеліцца былы гулец.
У канцы 1970-х Саладышаў стаў адным з піянэраў хакея на траве ў БССР – узначаліў каманду «Хімік», створаную на базе бабруйскага завода аб’яднання «Беларусьрэзінотэхніка». У 1980-м прывёў да чэмпіёнства ў рэспубліцы. Пазней калектыў выступаў на ўзроўні ніжэйшых ліг СССР. Пры ўсіх сваіх дасягненнях званне майстра спорту Саладышаў так і не атрымаў – тады чэмпіёны БССР станавіліся толькі кандыдатамі ў майстры.
Апошнія 19 гадоў Саладышаў прапрацаваў дзіцячым трэнерам у прафсаюзнай ДЮСШ «Бярэзіна». Туды ён прыйшоў ужо пенсіянерам, пасля таго як звольніўся з пасады выкладчыка фізкультуры ў бабруйскім філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У «Бярэзіне» мужчына стаў першым трэнерам цяперашняга нападніка зборнай Беларусі і польскага «Пяста» Германа Баркоўскага.
«Часта пішуць, што Герман – выхаванец школы «Белшыны». Гэта поўная лухта! Ён там ніводнага дня не займаўся. Я знайшоў яго ў адной са школ – у мяне былі дамоўленасці, што настаўнікі прапаноўвалі самых падрыхтаваных хлопчыкаў. Першыя тры гады ён ніяк не вылучаўся ўвогуле, у 6–7 гадоў усе хлопцы прыкладна аднолькавыя. У дзявятым класе я аддаў яго і Станіслава Ламаку у Акадэмію АБФФ да Юры Мархеля. Асобна пра Германа распавядаць не буду, а то раптам бацька пакрыўдзіцца», – кажа Саладышаў.
«У іх у дубле тады быў [цяперашні галоўны трэнер «Дняпра»] Станіслаў Сувораў – палунулявы. Са мной пра гэты пераход нават не параіліся. Я казаў увесь час: «Герман, сыходзь адтуль». Ён у войска не пайшоў па стане здароўя. Калі Ламаку прыйшла павестка ў войска, то ўсе ад яго адвернуліся ў «Шахцёры». Яму давялося ісці працаваць у пажарныя. А так нападнік добры быў. Сезон-2025 у «Асіповічах» заканчваў», – лічыць Саладышаў.
Ён адмахваецца ад пытання пра іншых сваіх выхаванцаў: «Ды шмат хто іграе па ўсёй рэспубліцы, што, я ўсіх запомню? Вось апошнім брамніка Мікіту Кашуя аддаў у «Белшыну», павінен ужо іграць за дубль».
Пра сучасную «Белшыну» гаварыць трэнер адмаўляецца – маўляў, «горад, нібыта, і вялікі, але ўсе ведаюць адзін аднаго, лішняе слова – і будуць схіляць налева і направа». Аднак дадае, што ў клубе «трэнеры апошнім часам настолькі дрэнныя, што ратунку ад іх няма». Памятае чэмпіёнскую «Белшыну» 2001 года, ведае многіх гульцоў таго складу. І дагэтуль дзівіцца кар'еры Яўгена Шабуні, які працаваў начальнікам розных каманд ЧБ, у тым ліку «Белшыны».
«Я ў свой час працаваў на паўстаўкі на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. І быў там хлопец Жэня, які блукаў каля веласіпедыстаў. Я сыходзіў з завода і на сваё месца інструктара па фізкультуры ўладкаваў гэтага Жэню. Пасля гэтага ён падкаціўся да дырэктара. Сталі збіраць футбольную каманду. Трошкі пазней усе перайшлі на завод «Фандок» – так і ўтварылася каманда. Трапіла ў першы дывізіён, Жэня яе трэніраваў. Пры гэтым сам не граў ніводнага дня ні ў хакей, ні ў футбол. Гэта цуд нейкі! Потым ён працаваў у АБФФ і ездзіў інспектарам на міжнародныя футбольныя гульні. Увогуле дзіўна! Як такое магчыма? Ён толькі колы веласіпедыстам качаў – вось і ўся яго сувязь са спортам», – не можа зразумець Саладышаў.
Ён сышоў з ДЮСШ у 2025 годзе з-за праблем са здароўем. Кажа, клічуць назад, але цяпер гэта немагчыма.
«Праблем хапае ў дзіцячым футболе. Я ўспамінаю, як у 1958 годзе паехаў на спаборніцтвы ў Магілёў. Нам выдзелілі талон на 2,5 рубля на сталовую. Мы на яго паелі і да гульні, і пасля яе. Цяпер жа дзеці ездзяць на спаборніцтвы за свой кошт – транспарт, харчаванне, начлег. У некаторых сем'і бедныя, грошай няма, збіраліся хлопцамі і куплялі ім усё. І гэта проста цяпер адбываецца! Што можна казаць?» – скардзіцца ветэран футболу.
Цікавімся, ці можна пражыць на зарплату дзіцячага трэнера ў Бабруйску.
«Ды якія там грошы ў дзіцячых трэнераў?! Што вы кажаце?! Многія добрыя спецыялісты кідаюць працу. У нас у школе нядрэнны быў хлопец – пайшоў у таксі. Бо сям'я, дзеці. Ці можа ён іх пракарміць за 1200 рублёў? І самае цікавае – яны думаюць, што ў гэтай «вёсцы» Бабруйску за 1200 можна як-небудзь пражыць, а ў Мінску спецыялістам з такім жа стажам плацяць 2500 рублёў. Як можна за адну і тую ж працу так па-рознаму плаціць? Мінскі спецыяліст што, больш есць, па-іншаму апранаецца, ці ў яго лепшыя гульцы? Нікога гэта не цікавіць!» – незадаволены Саладышаў.
Ён лічыць, што спорт у Бабруйску знішчылі. Калі раней горад быў вядомы не толькі гульнявымі відамі, але і барацьбой, боксам, веславаннем, то цяпер не засталося нічога.
«Усё стала дрэнна, калі сышлі першыя сакратары гаркама, і гарвыканкам стаў сам сабе гаспадаром – ніхто іх там не кантралюе. Я дзіўлюся, у якое балота ператварылі Бабруйск. Хто вінаваты? Кіраўніцтва! Ні грошай, ні цікавасці ў іх няма. Можа, дзесьці спорт і развіваецца. А Магілёўская вобласць – самая адсталая і занядбаная. Я з дзяцінства гэта адчуваў. На Спартакіядзе БССР усе зборныя ў паўшэрсцяных касцюмах. А для нас гэта была мара – мы насілі бавоўнавыя касцюмы з начосам. У іншых клюшкі маскоўскія, а ў нас – тэлеханаўскія. Усе гэтыя дробязі назапашваюцца з пакалення ў пакаленне. Тут нікому нічога не трэба», – падсумоўвае спецыяліст.