«Усё скончыцца, як з Мілошавічам»
- 31.01.2026, 18:17
Гіркін спрагназаваў Пуціну суд у Гаазе.
Расійскае найвышэйшае кіраўніцтва чакае лёс Слабадана Мілошавіча, былога прэзідэнта Сербіі, які быў асуджаны Міжнародным трыбуналам па абвінавачаннях у ваенных злачынствах падчас югаслаўскіх войнаў і памёр у турме, заявіў Ігар Гіркін (Стралкоў). Так экс-кіраўнік «Мінабароны» самапрагалошанай «ДНР», які адбывае тэрмін у расійскай калоніі за заклікі да экстрэмізму, пракаментаваў інфармацыю аб згодзе Масквы на «энергетычнае перамір’е» паміж РФ і Украінай, якое, паводле слоў прадстаўніка Крамля Дзмітрыя Пяскова, працягнецца да 1 лютага, паведамляе The Moscow Times.
«На што разлічвае наша кіраўніцтва, я, шчыра кажучы, не зусім разумею. На прабачэнне? Яго не будзе. На прымірэнне? Яго не будзе. Усё скончыцца, як з Мілошавічам, цяпер гэта ўжо абсалютна відавочна», — напісаў Стралкоў у тэлеграм-канале. Паводле яго меркавання, Крэмль спрабуе «гуляць у дамоўнякі» з Вашынгтонам, які забяспечвае ЗСУ зброяй і боепрыпасамі, а Украіна «тупа цягне час у разліку на тое, што ў вайне на знясіленне» яна зможа перамагчы Расію. Стралкоў таксама заявіў пра «вялізныя» страты расійскай арміі ў ходзе ўварвання, што працягваецца амаль чатыры гады. Паводле апошняга дакладу Амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), Расія страціла ў вайне амаль 1,2 млн чалавек, з якіх толькі загінулымі — 325 тысяч.
Стралкоў, які ў 2014 годзе называў сам сябе завадатарам вайны на Данбасе, не ўпершыню крытыкуе расійскае кіраўніцтва. У студзені ён апублікаваў серыю пастоў, у якіх заяўляў, што Расія імкліва рухаецца да паўтарэння Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а эліты спрабуюць прадаць краіну, ухваліўшы, на яго думку, прыніжальную мірную дамову з Украінай, якая па сутнасці з’яўляецца паражэннем у вайне. Таксама былы палкоўнік ФСБ заяўляў, што аб’ёмы хлусні ад чыноўнікаў і прапаганды б’юць усе гістарычныя рэкорды, а сітуацыя на фронце і ў эканоміцы імкліва пагаршаецца.
У лістападзе 2022 года суд у Гаазе завочна прыгаварыў Стралкова да пажыццёвага зняволення па абвінавачанні ў датычнасці да катастрофы малайзійскага «Боінга» рэйса MH17 у 2014 годзе. У студзені 2024-га суд у Маскве прызнаў яго вінаватым у «публічных закліках да экстрэмізму», прысудзіўшы 4 гады пазбаўлення волі. Падставай для абвінавачання сталі два пасты ў тэлеграм-канале Стралкова з крытыкай расійскіх уладаў.