BE RU EN

Беларускі пункт нязломнасці ў Кіеве працягвае працу

  • 31.01.2026, 17:32

У маразы кіеўцаў частуюць гарбатай і дранікамі.

Нягледзячы на моцныя маразы ў Кіеве, Беларускі пункт нязломнасці працуе бесперапынна. Тут заўсёды можна выпіць гарачай гарбаты, зарадзіць гаджэты і проста паразмаўляць. А два дні запар у беларускім шатры кіеўцаў частавалі дранікамі, піша «Радыё Рацыя».

Распавядае беларуская валанцёрка, былая палітзняволеная Ірына Шчасная:

— Насамрэч спачатку было вельмі цікава. Дранікі гатавалі беларусы — то бок цёрлі бульбу з цыбуляй, дадавалі яйка. Потым смажыць дранікі захацелі нашы хлопцы-воіны. Яны рабілі гэта па чарзе. Затым прыходзілі мясцовыя жанчыны — ім таксама хацелася смажыць гэтыя дранікі. Спачатку там нават была чарга з ахвотных іх гатаваць, а потым людзі з задавальненнем частаваліся, казалі вельмі шмат слоў удзячнасці. Казалі, што дранікі атрымаліся вельмі смачнымі. Іх было шмат — хапіла нават на другі дзень. Нас, беларусаў, дзякавалі за тое, што ў гэты цяжкі момант, у такую крытычную хвіліну мы тут, побач з імі.

Не толькі беларусы ў гэтыя няпростыя дні частуюць кіеўцаў сваімі стравамі. З панядзелка ў Кіеве на вуліцах горада будуць раздаваць журэк. У сувязі з доўгімі перабоямі з электрычнасцю і прагнозамі моцных маразоў польскія валанцёры арганізуюць дастаўку 1000 літраў польскага супу ў украінскую сталіцу. Арганізатары называюць гэтую акцыю своеасаблівым «абменам цяплом» паміж Польшчай і Украінай, які дэманструе падтрымку і салідарнасць у складаныя зімовыя дні.

Апошнія навіны