BE RU EN

І звольніцца адтуль не так ужо і проста, кажуць — шукай замену

  • 31.01.2026, 19:13

Відэа з Карэліцкага раёна агаліла масавую праблему ў Беларусі.

Жыхарка Карэліцкага раёна абурылася ў сеціве працай кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Родны кут»: у аграгарадку Ерамічы крама апынулася на мяжы закрыцця, бо на прадаўца павесілі мноства абавязкаў, і яна не спраўляецца з нагрузкай.

Відэа «Салідарнасці» пра гэта ў TikTok паглядзелі некалькі сотняў тысяч чалавек: сітуацыя падсвеціла масавую праблему.

Журналісты выбралі паказальныя каментары.

«У райпа ўсюды так. Сама так тры гады адпрацавала. І звольніцца адтуль не так ужо і проста. Кажуць — шукай замену».

«Мая жонка працуе загадчыцай крамы, яе абавязкі: прадавец, грузчык, прыбіральшчыца, таваразнавец, качагар, а зарплата — 1300. А яшчэ павесяць пратэрміноўку на дзве-тры тысячы, са словамі «мы ж вам такія грошы плацім». Ды яшчэ знайдзі, хто пакосіць, хто парубіць. За месяц за ўборку дадаюць 30 рублёў, за грузчыка — 27 рублёў, за стаж — 27 рублёў (а стаж 22 гады)...

Дровы прывозяць у снежні і студзені, яны сырыя, імі не натопіш. І галоўнае — усім начхаць. Прыедуць і пачынаюць: чаму гэтага няма, чаму таго няма. А тое, што ў «Роднага кута» запазычанасць паўсюль, яны маўчаць. Галоўнае — заціснуць прадаўца. Гэта ўсё ў Пружанскім раёне».

«А яшчэ да аднаго прадаўца, на якога ўсклалі некалькі пасад, прыязджае дзесяць правяральнікаў. Дык няхай бы тыя, што сядзяць у цёплых кабінетах, прыехалі, натапілі ў краме, прыбралі, абкасілі, разгрузілі машыны з таварам, зрабілі рэестры на тавар і г.д. А прадавец прыйшоў бы ў цёплую краму і працаваў з пакупніком».

«Гэта вельмі балючая тэма. Мы ўжо год без крамы. Што ж рабіць? Ну, праўда, што?»

«Прама апісалі ўсю сітуацыю, якую я вытрымала 30 гадоў, і паклала ўсё здароўе».

«Цяпер усюды так, у вёсках. Працуй адзін, выконвай некалькі работ, зарплата маленькая, начальнікаў шмат».

«Начальнікі не хочуць вырашаць рэальныя праблемы. І цікава, прадавец працуе адзін за некалькі чалавек, а зарплата за аднаго. Пытанне: дзе грошы?»

«Усё бы так, але ў краму на 10 пакупнікоў у дзень наймаць прадаўца, дворніка, качагара і грузчыка — гэта крута... Трэба яшчэ і загадчыка».

«Добра, што хто-небудзь агучыў гэтую праблему: хто працаваў — той зразумее. Хто не звязаны з гэтай сітуацыяй — не зразумее, толькі будзе выносіць вердыкты. Ніводны сход не вырашыць гэтую праблему, пакутуюць толькі звычайныя сельскія жыхары. Проста сістэма спажыўкааперацыі даўно састарэла. На аднаго прадаўца — дзесятак начальнікаў».

«Ніколі і нідзе прадаўцоў за людзей ніхто не лічыў».

«Бедныя людзі. А начальства атрымлівае 2–3 тысячы за праціранне штаноў. Нічога ў нас не зменіцца».

«Па тэлевізары ўсё вельмі добра».

Апошнія навіны