Лукашэнка абразіў беларускіх спартсменаў
- 31.01.2026, 11:01
Што не так з «гасцінцамі» ад дыктатара?
Нядаўна беларускія біятланісты выйгралі змешаную эстафету. Праўда, у родных Раубічах. І спаборніцтвы былі амаль хатнія, ды яшчэ і не фінальныя — этап Кубка Садружнасці, у якім удзельнічаюць усяго толькі беларусы ды расіяне. Але ж паказалі сябе, разам узялі чатыры ўзнагароды, піша «Салідарнасць».
Для балельшчыкаў, якія за многія гады прывыклі бачыць нашу зборную ў прызах на Кубку свету, а то і на Алімпіядзе, падобны суррогат у выглядзе «міжнароднага» турніру — слабое суцяшэнне.
Як, трэба меркаваць, і для саміх атлетаў, якія губляюць форму, задавальняюцца мястэчкавымі кубкамі замест салідных алімпійскіх прызавых, а на зімовыя Гульні‑2026 зноў не трапляюць, нават у нейтральным статусе.
І застаецца толькі здагадвацца, як незадаволена маршчыць лоб з гэтай нагоды галоўны ў РБ падзвіжнік і апякун спорту, хакеіст і пракладчык біятлонных трас, пазбаўлены адной з любімых «цацак».
Штосьці рэальна супрацьпаставіць міжнароднай спартыўнай забароне беларускія ўлады не могуць. Сапраўды, не здымаць жа дзеля допуску Беларусі на сусветныя турніры з кіраўніцтва НАК Віктара Лукашэнкі. Вы яшчэ скажыце: рэпрэсіі спыніць або перастаць зарабляць на вайне ва Украіне.
Але зрабіць выгляд, што ўсё ў парадку, і паказаць сваю ўсебаковую падтрымку спорту рэжым спрабуе. Вось і за выступленне на этапе Кубка Садружнасці кіраўнік перадаў біятланістам «найлепшы допінг» — сала, хлеб, мёд і «прэзідэнцкія напоі». Па-багатаму — летась быў толькі шакалад з Беларусі і ААЭ.
Цырымоніяльна ўручалі ўсё гэтае багацце і «пажаданні вялікіх поспехаў» Наталля Эйсмонт, міністр спорту Сяргей Кавальчук і памочнік Лукашэнкі Мікалай Латышонак. І біятланісты ад душы дзякавалі — а куды ім дзявацца.
Крыху раней кіраўнік з не меншым пафасам распавядаў, як «падкормлівае» хакеістаў: «Дынама-Мінск», аказваецца, у якасці пачастунку рэгулярна атрымлівае хлеб і сала. А калі заслугоўваюць, спецыяльна для іх у Рагачове закажуць скрыню згушчонкі. Што праўда, відаць, не цяпер — яраслаўскаму «Лакаматыву» беларускія хакеісты днямі саступілі.
Дарослых людзей, якія свядома ўдзельнічаюць у гэтым балагане, не шкада нісколькі — іх выбар. Але спробы прапаганды падаваць падачкі як асаблівы клопат кіраўніка пра спартсменаў адкрыта смешныя.
Сала «як з вёскі» — мілы падарунак, калі яго прывозіць сябра дзяцінства або перадае родная бабуля. Але калі яго прывозіць міністр спорту як заахвочванне за поспехі на турніры, хай і не міжнародным, гэта, мякка кажучы, выклікае недаўменне.
Закрадаюцца пытанні: ці то беларускім спартсменам цяпер настолькі дрэнна плацяць, што набыць банку згушчонкі і каврыгу хлеба яны самі не ў стане (дык не, яшчэ летась спартыўныя выданні публікавалі заробкі «дынамаўцаў» у 10+ тысяч долараў), ці то на фоне прасеўшых дасягненняў кіраўнік іх так тоўста троліць, па сутнасці, прыніжае — маўляў, выступаюць за ежу?
І ўся гэтая раздача хлебаў, мёду і кавалкаў сала нагадвае ці то «прадуктавыя наборы», якімі беларускія прадпрыемствы матывуюць супрацоўнікаў на святы, ці то рытуальную цырымонію «яны ў мяне з рук ядуць».