Еўракамісія пачала расследаванне супраць Славакіі
- 31.01.2026, 5:46
Праз дзеянні Фіца ў дачыненні да вяршэнства права.
Еўракамісія ў пятніцу, 30 студзеня, абвясціла пра пачатак расследавання ў дачыненні да Славакіі, паколькі яе прэм’ер Роберт Фіцо ліквідаваў бюро абароны інфарматараў.
Пра гэта паведамляе выданне Politico.
Журналісты адзначаюць, што ў сваёй апошняй спрэчцы з Браціславай адносна вяршэнства права выканаўчы орган ЕС раскрытыкаваў Фіца за спробу замяніць бюро новай установай, кіраўніцтва якой будуць прызначаць палітычна.
«Камісія лічыць, што гэты закон парушае правілы ЕС», — гаворыцца ў паведамленні.
Зузана Длугошава, кіраўніца бюро абароны інфарматараў, заявіла, што яна неаднаразова папярэджвала славацкіх чыноўнікаў, што гэтыя планы супярэчаць заканадаўству Еўрасаюза.
«Калі б экспертныя заўвагі былі ўлічаныя, Славакія магла б пазбегнуць працэдур ЕС аб парушэнні заканадаўства. У той жа час мы лічым, што сам гэты працэс можа спрыяць больш прафесійнай і змястоўнай дыскусіі пра тое, як належным чынам павінна быць наладжаная абарона інфарматараў у Славакіі», — сказала яна.
Брусель даў Браціславе адзін месяц, каб адказаць на яго запыты. Далей Еўрасаюз можа прыняць меры, якія патэнцыйна будуць уключаць скарачэнне выплат Славакіі пасля шматузроўневага працэсу.
Politico піша, што з моманту вяртання да ўлады ў 2023 годзе на чацвёрты тэрмін партыя Фіца SMER прыняла меры для дэмантажу антыкарупцыйных інстытутаў. У прыватнасці, ідзе пра закрыццё Спецыяльнай пракуратуры, якая займалася гучнымі карупцыйнымі справамі, і роспуск NAKA, элітнага паліцэйскага падраздзялення, якому даручана змагацца з арганізаванай злачыннасцю.