Трамп намінаваў Кевіна Уорша на пасаду старшыні ФРС
- 31.01.2026, 6:00
Кевін Уорш ужо ўваходзіў у савет ФРС у часы Джорджа Буша і Барака Абамы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў Кевіна Уорша на пасаду старшыні Федэральнай рэзервовай сістэмы. Пра гэта амерыканскі прэзідэнт паведаміў у пятніцу ў сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Я ведаю Кевіна ўжо даўно і не сумняваюся, што ён увайдзе ў гісторыю як адзін з выбітных кіраўнікоў Федэральнай рэзервовай сістэмы — магчыма, як найлепшы», — напісаў Трамп.
Уорш з’яўляецца запрошаным ганаровым навуковым супрацоўнікам па эканоміцы ў Гувераўскім інстытуце і выкладчыкам Стэнфардскай вышэйшай школы бізнесу. Таксама працуе партнёрам інвестара Стэнлі Дракенмілера ў Duquesne Family Office LLC.
Калі кандыдатуру Уорша зацвердзіць Сенат ЗША, ён стане пераемнікам Джэрома Паўэла у маі 2026 года.
Кевін Уорш ужо ўваходзіў у савет ФРС у часы Джорджа Буша і Барака Абамы у 2006–2011 гадах. Пры гэтым ён трапіў у савет ва ўзросце 35 гадоў, стаўшы тады самым маладым членам кіраўніцтва рэгулятара.