У Вільнюсе адкрылася выстава пра беларускае жыццё ў 1926 годзе
- 30.01.2026, 21:22
Уваход вольны.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча запрашае наведвальнікаў на новую выставу пад назвай «1926: выстава пра будучыню». На выставе прадстаўлены беларускія кнігі, выдадзеныя ў 1926 годзе, напісаныя ў той год любоўныя лісты гімназістаў Віленскай беларускай гімназіі, паштоўкі беларускіх паэтаў, — піша «Будзьма».
«Насамрэч 1926‑ы мала чым прыкметны, — прызнаюцца супрацоўнікі ВБМ. — Вядома, у Мінску збіраюцца на канферэнцыю ўсе зоркі тагачаснай лінгвістыкі, а Саветы шчодра трацяць на новыя друкарскія шрыфты, і беларускія кнігі, што выходзяць у Вільнюсе і Мінску з гэтага года, ужо ніколі не будуць адпавядаць аднаму стылю. Але насамрэч гэты год — чарговы год спробы вярнуцца да нармальнасці пасля заняпаду Першай сусветнай вайны, не здагадваючыся, які жудасны заняпад чакае ўжо неўзабаве, падчас Другой».
Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, даюць магчымасць убачыць, што хвалявала тагачасных беларусаў.
«Таму мы лічым, што гэта выстава пра будучыню. Усё, што мы робім, мы робім для будучыні, і адзіны спосаб зразумець мінулае — гэта зразумець, якую будучыню ўяўлялі, якой баяліся і якой жадалі», — кажуць аўтары выставы.
Такім чынам, гледачу прапануюць узнавіць тагачасныя ўяўленні пра будучыню па падручніках па Старым Запавеце і пляценні кошыкаў, здымках з адкрыцця ў Вільнюсе новых інстытутаў, кшталту беларускай друкарні імя Скарыны і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.
«Праз сто гадоў зробім выставу пра 2026‑ы», — з намёкам папярэджваюць супрацоўнікі музея, прымушаючы задумацца, што ж на такой выставе будзе паказана.
Выставу можна агледзець у працоўныя дні музея — са серады па нядзелю з 14:00 да 20:00. Уваход вольны. Музей знаходзіцца ў двары па адрасе Vilniaus g. 20.
Тых, хто не ў Вільнюсе, музей запрашае пазнаёміцца з экспанатамі выставы ў сваім віртуальным сховішчы, дзе можна палістаць выстаўленыя кнігі і бліжэй разгледзець лісты.