Украіна заклікала выгнаць РФ з Рады кіраўнікоў МАГАТЭ
- 30.01.2026, 17:52
Расія наўмысна падрывае ядзерную бяспеку.
Украіна заклікала прыпыніць сяброўства Расіі ў Радзе кіраўнікоў МАГАТЭ. Акрамя таго, ініцыявана ўнясенне змяненняў у Статут агенцтва.
Аб гэтым паведамляецца у заяве міністра энергетыкі Украіны Дзяніса Шмыгаля.
- Дзяржава, якая наўмысна падрывае ядзерную бяспеку, не можа браць поўнацэнны ўдзел у галоўным палітычным органе агенцтва, - падкрэсліў ён.
Шмыгаль адзначыў, што Расія «сістэмна і мэтава» атакавала электрападстанцыі, якія забяспечваюць вонкавае электразабеспячэнне ўкраінскіх АЭС.
- Гэта - падрыў аднаго з сямі слупоў ядзернай бяспекі, вызначаных МАГАТЭ, - гаворыцца ў яго заяве.
Украінскі міністр таксама адзначыў сітуацыю з часова акупаванай Запарожскай АЭС, якая за гады поўнамаштабнай вайны ўжо 12 разоў цалкам губляла вонкавае электразабеспячэнне.
«Мы заклікалі дзяржавы-чальцы ўвесці ўсёабдымныя санкцыі супраць «Расатама» і абмежаваць супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй ва ўсіх магчымых сферах. Паднялі пытанне прыпынення сяброўства Расіі ў Радзе кіраўнікоў МАГАТЭ, а таксама абмеркавалі намер ініцыяваць унясенне змяненняў у Статут МАГАТЭ з мэтай абмежавання правоў дзяржавы-агрэсара», - заявіў Шмыгаль.
Ён падкрэсліў, што надышоў час «увесці рэальную адказнасць за акты агрэсіі, якія падрываюць ядзерную бяспеку».