BE RU EN

«Можам прапанаваць банку выкупіць наш крэдыт»

  • 30.01.2026, 15:43

Гісторыі беларусаў, якія ўзялі іпатэку ў Польшчы.

Каля 8% усіх іпатэчных крэдытаў у Польшчы выдаецца замежнікам. Беларусы — адны з самых актыўных пакупнікоў нерухомасці ў крэдыт.

MOST спытаў у тых, каму ўдалося атрымаць іпатэку, якія ў іх даходы, з якімі складанасцямі яны сутыкнуліся на гэтым шляху і як іх пераадольвалі.

Імёны суразмоўцаў зменены.

«Ад безвыходнасці вырашылі браць тое, што было»

У Аляксандра пастаянны від на жыхарства ў Польшчы. Да таго моманту, калі яны з жонкай сур'ёзна задумаліся пра набыццё ўласнага жылля, ён працаваў па працоўным дагаворы (umowa o pracę), а яго сярэднемесячны даход складаў 8–9 тыс. злотых. Акрамя таго, сям'я атрымлівала па 800 злотых дапамогі на двух дзяцей.

Тады яшчэ дзейнічала льготная іпатэчная праграма для тых, хто хацеў купіць першае жыллё, але ўжо было прынята рашэнне пра яе хуткае завяршэнне. Аляксандр вырашыў «ўскочыць у апошні вагон».

— Прапаноў [на рынку нерухомасці] ужо было вельмі мала. Пачалі тэлефанаваць па аб'явах і трапілі на паляка, які прадаваў сваю кватэру. Хутчэй за ўсё, ён проста купляе жыллё на другасным рынку, робіць рамонт і прадае, — успамінае мужчына. — Кватэра была на стадыі рамонту. Яна нам не вельмі спадабалася, была не вельмі вялікая па плошчы. Але ад безвыходнасці мы з жонкай вырашылі браць тое, што было — каб было сваё і каб не плаціць за арэнднае жыллё.

«Сэнсу так і не зразумеў»

Прадавец кватэры параіў Аляксандру знаёмую кансультантку ў банку. Яна падрабязна распавяла, якія дакументы спатрэбяцца, і дала некалькі парадаў, як павысіць шанцы на адабрэнне крэдыту.

— Сказала выдаліць фатаграфіі з дзецьмі з сацсетак. У анкеце яна не будзе іх згадваць для большай верагоднасці адабрэння крэдыту, бо служба бяспекі [банка] будзе іх правяраць. Сэнсу так і не зразумеў, бо сістэма бяспекі і так убачыць дапамогу «800+» на дзяцей, але мы з жонкай так і зрабілі.

Таксама сям'і параілі падзяліць маёмасць. Сказалі, што калі жонка не будзе прэтэндаваць на жылплошчу, верагоднасць адабрэння крэдыту будзе вышэйшая. Да гэтай парады сям'я прыслухалася. Афармленне дакументаў абышлося ў 1 тыс. злотых.

«Ішлі на абум»

Хоць заява падаецца на фінансаванне куплі канкрэтнай кватэры, канчатковых параметраў крэдыту Аляксандр да апошняга не ведаў.

— Ты не ведаеш, якую суму табе зацвердзяць. Не ведаеш, з першапачатковым узносам ці без. Мы ішлі проста на абум — пашанцуе ці не.

Кватэра, якую сям'я планавала купіць, каштавала 465 тыс. злотых. У выніку банк адобрыў ім усю суму — без першапачатковага ўзносу.

Штомесячны плацёж па крэдыце раўняецца кошту арэнднага жылля, у якім Аляксандр з жонкай і дзецьмі жылі раней. Дадаўся толькі ўзнос за страхаванне жыцця ў памеры 120 злотых.

— Кватэра нам увогуле не падабаецца. Добра, што быў свежы рамонт. І яна ў цэнтры. Але я раю браць, калі будуць [іпатэчныя] праграмы. Нават калі не будзеш там жыць — можна здаваць за тую ж суму. Лічу, гэта даволі выгадна.

«Могуць даць 1,3 млн злотых»

Міхаіл з жонкай і дзецьмі жыве ў Польшчы два гады. У яго часовы від на жыхарства па міжнароднай абароне, а ў жонкі — пастаянны на падставе карты паляка.

Калі вырашылі ўзяць іпатэку, беларус працаваў па дагаворы падраду (umowa zlecenie) і атрымліваў усяго 1,5 тыс. злотых у месяц. Жонка Міхаіла была працаўладкаваная па працоўным дагаворы і атрымлівала чыстымі 5,5 тыс. злотых. Акрамя таго, яна працавала як індывідуальны прадпрымальнік. Гадавы абарот складаў каля 70 тыс. долараў. Таксама яны атрымлівалі па 800 злотых дапамогі на двух дзяцей.

— Дарадца (кансультант. — Заўв.) паглядзела і сказала, што нам з такімі паказчыкамі могуць даць крэдыт 1,3 млн злотых. Але гэта было толькі яе меркаванне, — успамінае мужчына.

«Можам прапанаваць банку выкупіць наш крэдыт»

У выніку на куплю дома сям'я папрасіла ў банка 550 тыс. злотых. Дакументы накіравалі ў тры банкі.

— Праз месяц адзін банк адмовіў, яшчэ праз два тыдні другі банк адмовіў, і яшчэ праз два тыдні трэці банк даў згоду, — кажа мужчына.

Сям'і аформілі ўсю запатрабаваную суму — на 30 гадоў пад 8%.

— Стаўка ў нас фіксаваная на пяць гадоў. Але ў Польшчы можна спакойна рабіць рэфінансаванне: убачыўшы, што ў іншым банку стаўка не 8%, а, напрыклад, 5%, мы можам прапанаваць таму банку выкупіць наш крэдыт і плаціць яму.

На дадзены момант дом на стадыі будаўніцтва, а штомесячныя плацяжы складаюць 2662 злотых.

Цяпер сям'я актыўна збірае грошы, каб у бліжэйшы час унесці 100 тыс. злотых і скараціць тэрмін выплаты і пераплату па крэдыце.

Апошнія навіны