Нясезонная чарэшня і галубіка б'юць цэнавыя рэкорды
- 3.01.2026, 22:15
Што і па чым на Камароўцы пасля святаў.
Галоўны сталічны рынак зноў прымае наведвальнікаў. З 3 студзеня ён працуе ў звычайным рэжыме. Што і па якіх коштах можна знайсці на Камароўцы пасля Новага года, высвятляў карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
Сезонны рынак радуе наведвальнікаў кансервацыяй — выбар шырокі і разнастайны. Напрыклад, варэнне з маліны і чарніцы абыдзецца ў 14 і 20 рублёў адпаведна за паўлітровы слоік. Ёсць і больш незвычайныя варыянты: па цане чарнічнага можна знайсці варэнне з сасновых шышак.
Таксама на прылаўках — квашаная капуста, багатая на вітамін C. У сярэднім па 12–15 рублёў за кілаграм. Побач размясціліся марынаваныя памідоры і часнок. Кошт: 30 і 35 рублёў. Танней і больш папулярныя ў пакупнікоў бочкаваныя агуркі — усяго 20 рублёў за кілаграм. Цана на марынаваныя баклажаны вагаецца ад 45 да 50 рублёў, у залежнасці ад спецый, з якімі іх прыгатавалі.
Адкрыты рынак багаты і сухафруктамі. Разброс цэн на курагу — ад 11 да 40 рублёў за кілаграм. Яе кошт вызначае смак. 15-рублёвая «лімонная» курага будзе кіслай, а «сухая» і «шакаладная» за 20 і 22 — салодкай. Ёсць выбар і сярод разынак. За кілаграм чылійскіх «Джамбо» і «Джамбо Голд» давядзецца аддаць адпаведна 22 і 35 рублёў. Найтаннейшы — «Кішміш», што прыехаў з Узбекістана. Кілаграм гэтага ласунку аматары салодкага могуць набыць за 9 рублёў.
Побач з сухафруктамі прадаюць розныя арэхі. Даражэй за ўсіх — бразільскі: 110 рублёў за кілаграм. Следам за ім — фісташкі па 50–60 рублёў, кеш'ю па 40–60, фундук аддаюць за 55, а міндаль — за 45. Арахіс у такім жа аб'ёме можна набыць ужо за 12–18 рублёў, а самым танным на дадзены момант з'яўляецца грэцкі арэх. Цана ў сярэднім складае 10 рублёў.
Таксама на рынку можна знайсці грыбы. Сушаныя баравікі прадаюць у пакеціках, іх цана залежыць ад вагі і якасці. 100 грамаў паламаных грыбоў каштуюць 20 рублёў, у той час як за цэлыя давядзецца аддаць ужо 35.
Зі свежага ж пад адкрытым небам ёсць толькі часнок, чый кошт не перавышае 2 рублёў за штуку, і гарбуз па 6 рублёў за кг. Апошні, паводле словаў прадаўцоў, цяпер карыстаецца асаблівай папулярнасцю.
— Людзям пасля Новага года хочацца чаго-небудзь лёгкага, вось і бяруць гарбуз. У асноўным на крэм-супы і салаты з яблыкам і морквай, — падзяліліся на адной з кропак.
У сваю чаргу крытая частка Камароўкі багатая на садавіну. Прылаўкі ломяцца ад вялікай колькасці мандарынаў, прывезеных з Іспаніі і Грузіі. Кошт — 4–9 рублёў за кілаграм.
Непадалёк — турэцкі вінаград «Кішміш» за 3,9 рубля і кітайскі «Рэд глоўб» за 5,9 рубля. Яблыкі ў сярэднім каштуюць 6 рублёў, але антонаўка на рубель даражэй. Па падобных коштах можна знайсці хурму і апельсіны. Даражэй каштуюць грушы — 9 рублёў за кілаграм.
Рэкардсмэнамі па кошце застаюцца нясезонныя ягады. Пачынаецца з грэчаскай клубнікі — 25 рублёў за кілаграм. Следам за ёй размясцілася чылійская галубіка — па 120 рублёў, і, можна сказаць, чэмпіён па цане — чарэшня: яе кошт складае 250 рублёў за кілаграм. Ківі прадаюць па 45 рублёў, а фейхоа — па 100.