Узброеныя сілы Украіны завяршаюць зачыстку Купянска
- 3.01.2026, 20:33
Рэшткі расійскіх войск знаходзяцца ў поўным акружэнні.
У Купянску працягваецца завяршальная фаза аперацыі па зачыстцы горада ад расійскіх войскаў, якая пачалася восенню. Паводле падлікаў вайскоўцаў, цяпер у горадзе засталося менш за сто расіян.
Пра гэта ў суботу, 3 студзеня, паведаміў спікер Групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трегубов у інтэрв’ю для «Суспільного».
Паводле яго слоў, войскі РФ апынуліся ў поўным акружэнні і маюць сур’ёзныя праблемы з забеспячэннем, нават з паветра. У той жа час расійскія камандзіры атрымалі заданне захапіць Купянск да лютага 2026 года.
«Яны, верагодна, у нейкі момант проста масава здадуцца», — адзначыў Трегубов, дадаўшы, што сітуацыя ў Купянску з’яўляецца пазітыўнай.
Ён заявіў, што ў горадзе застаюцца толькі асобныя расійскія салдаты, колькасць якіх паводле радыёперахопаў ацэньваецца прыкладна ў 30 чалавек. Аднак з-за абмежаванага доступу да рэсурсаў адна рацыя можа выкарыстоўвацца некалькімі людзьмі.
«Там застаюцца асобныя ваяры праціўніка, але яны знаходзяцца ў поўным акружэнні. Яны ўжо маюць вялікія праблемы нават з атрыманням нейкага забеспячэння нават «паветраным мостам», бо мы проста бачым, куды яно ўсё падае. Я б сказаў, што гэта завяршальная фаза зачысткі горада. І, у прынцыпе, гэта нават асобныя расійскія СМІ ціхенька прызнаюць», — сказаў Трегубов.
Ён дадаў, што расіяне, якія засталіся ў Купянску, звычайна хаваюцца ў падвалах у цэнтральнай і паўночна-заходняй частках горада.
«Дакладна ўжо менш за сотню: нядаўна там была сотня, а яны там штодня па некалькі «сканчаюцца». Я думаю, што яны, хутчэй за ўсё, у нейкі момант проста масава здадуцца, бо для іх ужо цалкам відавочна, што перспектыў там няма, што іх адтуль не выцягнуць», — адзначыў Трегубов.
Расіянам паставілі задачу захапіць Купянск да лютага 2026 года, дадаў Трегубов.
«То бок узяць той самы горад, які яны, быццам бы, ужо ўзялі. Прычым гэтую задачу ставіць той самы чалавек з прозвішчам Кузовлев. Ён ужо адзін раз атрымаў за гэта зорку Героя Расіі. Верагодна, хоча яшчэ адну зорку — магчыма, пасмяротна, я не ведаю. Але сітуацыя сапраўды такая. Гэта такая расійская навіна з альтэрнатыўнай рэальнасці», — сказаў Трегубов.